Лукашэнка: «Ідзе вайна! У эканоміцы ваеннае становішча!»


«Разумееце, ідзе вайна! У эканоміцы ваеннае становішча. А мы сядзім, і быццам нічога не адбываецца», – ацаніў Лукашэнка працу некаторых галінаў айчыннай эканомікі.

Кіраўнік краіны дапоўніў крытыку статыстыкаю:толькі за 2014–2015 гады прадпрыемствы машынабудаўнічай галіны зменшылі аб’ёмы вытворчасці на палову, пры гэтым амаль 25 % толькі за 2015 год. У першыя 10 месяцаў сёлета здолелі вярнуць прырост толькі на тры адсоткі.

«За гэта хтосьці мусіць адказваць»

«Машынабудаўнікам дапамаглі рэфінансаваць крэдытную запазычанасць, папоўніць абаротныя сродкі і тым самым стварыць перадумовы для эфектыўнай працы. Аднак істотных станоўчых вынікаў не назіраем. І за гэта нехта мусіць адказаць», – сказаў Лукашэнка.

Тыя, хто, паводле Лукашэнкі, мусіць адказаць за правалы, спрабавалі апраўдацца. Маўляў, вялікія выдаткі пры вытворчасці, залежнасць ад імпартнай сыравіны ды камплектных – усё гэта паніжае прывабнасць прадукцыі ў замежжы. У выніку спад паставак на асноўныя рынкі – Расеі ды Казахстану. Не дадае пазітыву эканамічны крызіс за ўсходняю мяжой Беларусі ды захады Крамля ў выцісканні нашай тэхнікі з расейскага рынку.

«Калі мы і далей будзем гэтак «развіваць» прамысловасць у такім рэжыме і тэмпе, тады да выхаду на ўзровень 2013 года спатрэбіцца, як вы разумееце, дзясяткі гадоў. Такія тэмпы не дазваляльныя», – падсумаваў кіраўнік краіны.

У чым праблема?

У машынабудаўнічы комплекс Беларусі ўваходзіць больш за 130 прадпрыемстваў. Асноўныя з іх, «Белаз», «МТЗ» ды «МАЗ», на якіх працуюць агулам дзясяткі тысяч беларусаў. І якія на ўласным прыкладзе зазналі крызіс. Бо толькі за 2015 год з двух прамысловых гігантаў МАЗ ды МТЗ звольнілі больш за тры тысячы асобаў, а тых, хто застаўся, перыядычна пераводзяць на скарочаны працоўны тыдзень.

«Калісьці былі рынкі, і мы добра прадавалі. Цяпер жа неабходная абсалютна іншая тэхнічная і прамысловая палітыка. Асабліва дрэнна справы выглядаюць на прадпрыемствах у райцэнтрах. Дзе працуюць розныя агрэгатныя заводы. І там людзі працуюць па два-тры дні», – зазначыў Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў.

Трэба браць прыклад з Польшчы

Паводле Васілія Шлындзікава, былога генеральнага дырэктара «Амкадор», аднаго з гігантаў галіны, каб выправіць сітуацыю, не трэба вынаходзіць ровар, дастаткова зірнуць на прыклад нашых заходніх суседзяў. Напрыклад, Польшчы, дзе пасля цяжкіх 90-ых сёння краіна вырабляе прадукцыі толькі ў машынабудаўнічай галіне на суму каля $ 70 млрд. Пры гэтым заробкі працоўных у разы вышэйшыя за беларускія, а заводы, большасць якіх дарэчы ў прыватных руках, рэнтабельныя.

«Так, былі часы, калі яны стаялі абсалютна пустыя, без адзінага чалавека. А сёння яны працуюць, там працуюць людзі», – звярнуў увагу Васіль Шлындзікаў.

Паправіць сітуацыю і ў нас, могуць добраадукаваныя адмыслоўцы ва ўладзе ды іхная воля да рэформаў – цвердзіць былы дырэктар.

Лукашэнка ж падчас сённяшняй нарады галоўны ўхіл зноў рабіў на асабісты кантроль са свайго боку. А таксама загадаў дыпламатам з МЗСу больш актыўна прадаваць тэхніку за мяжу.

Юрый Салодкі, «Белсат»