Лукашэнка і IT: «Я павёўся на ўсе вашыя прапановы»


Ужо амаль год у Беларусі дзее гэтак званы IT-дэкрэт. Ён стварыў падатковы рай для адмыслоўцаў ды меў прыцягнуць у Беларусь новыя кампаніі. Аднак, як становіцца зразумела цяпер, не на ўсіх дакумент паўплываў аднолькава. Ёсць і тыя, хто вымушаны эміграваць. З якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія айтышнікі ды ці ёсць прагрэс у стварэнні IT-краіны?

Дзяніс Лаўнікевіч – эканамічны аглядальнік. Гэта ён стварыў першую беларускую крыптавалюту – талер. Але ўжо некалькі месяцаў журналіст працуе па-за межамі «IT-краіны». Перабрацца ў Кіеў яго прымусіў ціск і пагрозы ў дачыненні незалежных медыяў ды адсутнасць перспектываў для ўласнага развіцця.

«За апошнія некалькі гадоў закрыўся цэлы шэраг сродкаў масавай інфармацыі, з якімі я супрацоўнічаў. Некаторыя проста не маглі плаціць за працу» – дзеліцца Дзяніс Лаўнікевіч.

І гэта – не адзінае, што хвалюе Дзяніса. Хвалёны дэкрэт № 8, пасля якога Беларусь мела ажывіцца ў тэхналагічным плане ды ледзьве не зрабіцца IT-краінаю, на практыцы не заўжды выконваецца. Дзяніс Лаўнікевіч:

«І на момант уступлення яго ў сілу не была створаная нарматыўна-прававая база, і дасюль яна не створаная. Яе няма. Ужо гэтыя функцыі перадалі ад Савету Міністраў адміністрацыі ПВТ. Нешта робіцца, але па факце не зроблена нічога».

Адмысловец звяртае ўвагу на адсутнасць у Беларусі такіх базавых рэчаў, як легальныя крыптабіржы ці абменнікі. Адная з прычынаў – недасведчанасць высокіх чыноўнікаў, якія, не разумеючы пытання, асцярожнічаюць ды перастрахоўваюцца. І гэта значна адбіваецца на прагрэсе, які запаволіўся.

«Чакаць вялікага развіцця, такога ж хуткага, як у першыя гады, наўрад ці цяпер магчыма. Нас пачынаюць пераганяць ужо суседзі. Колькасць IT-шнікаў у Латвіі зраўнялася з Беларуссю. Хоць паводле памераў краіны моцна розняцца» – распавядае Сяргей Чарнавокі, IT- эксперт, праграміст.

Вынікае, што беларуская дзяржава хоць і жадае жыць у сучасным свеце, цяга кіраваць паводле старых прынцыпаў застаецца. Што ж, аграгарадкі ў нас ужо ёсць, а вось ці варта чакаць з’яўлення IT-гарадкоў? Мы запыталіся ў жыхароў Менску пра тое, Беларусь – аграрная ці IT-краіна:

«Усе тэндэнцыі сведчаць пра тое, што Беларусь робіцца IT-краінаю».

«Ідзе лічбавая трансфармацыя бізнесу».

«Не ўва ўсе галіны яшчэ пранікла IT. Шмат дзе ўсё застаецца па-старому».

«Мы, гледзячы з Расеі, не можам назваць Беларусь аграрнаю краінай. Гэта краіна можа пакуль што не высокіх тэхналогіяў, але прынамсі з развітаю індустрыяй і прамысловасцю».

«У IT больш атрымліваецца, чым у аграрыяў».

Аднак шмат якія эксперты сыходзяцца ў адным: усе IT-кампаніі ў Беларусі цяпер працуюць пад «павелічальным шклом» дзяржавы. То бок гайкі могуць закруціць у любы момант.

«Карацей, скажу па-народнаму: я павёўся на ўсе вашыя прапановы. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма. Будзе штосьці добрае – у плюс. Калі будзе ў мінус – я ведаю, з каго спытаць».

А пытаць ужо пачалі. Пакуль што, праўда, толькі ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. 1 снежня набудзе моц закон, які прадугледжвае абавязковую ідэнтыфікацыю наведнікаў сайтаў. Дзяржава хоча ведаць адрасы і нумары тэлефонаў тых, хто пакідае каментары пад артыкуламі. Чыноўнікі, у сваю чаргу, атрымаюць права блакаваць старонкі без папярэджання і суда.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Відэа з сайту PRESIDENT.GOV.BY

Фотаздымак на застаўцы да відэа: Mikhail Metzel / TASS / FORUM