Лукашэнка хвошча пугай, але да рэформаў не дойдзе


Рэформы ў галіне эканомікі Беларусі – непатрэбныя. Усе эксперыменты ў галіне эканамічна-сацыяльных дачыненнях – палітыя чалавечай крывёй і, таму, ніводзін палітык у здаровым розуме гэтага не дапусціць. З гэткім праграмным артыкулам выступіў у газеце «Советская Белоруссия» кіраўнік Камітэту Дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.

Ідэя планавай эканомікі – гэта ідэя будучыні, якая апярэдзіла свой час. А прычына эканамічных праблемы не ў тым, што Беларусь занадта нерашуча праводзіць рынкавыя рэформы, а наадварот: у тым, што недастаткова рашуча гэтым рэформам супраціўляецца. З гэткай тэзай выступіў сёння ў газеце «Советская Белоруссия» старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў.

Паводле спадара Анфімава, калі б беларускаму кіраўніцтву не перашкаджалі праводзіць уласную палітыку, то наша краіна на сённяшні дзень ужо ўвайшла б у трыццатку найбольш паспяховых дзяржаваў свету.

«Паводле спадара Анфімава, вось гэтыя праклятыя капіталісты нам толькі вось гэтыя падступныя сцэнары падкідаюць, каб тут усё ў нас абвалілася. Але ж афіцыйны Менск ужо другі раз спрабуе нармалізаваць дачыненні з Захадам. Гэта Менск пнецца туды», – каментуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

У сваім артыкуле старшыня КДК крытыкуе постсавецкія краіны, якія дазволілі заходнім карпарацыям знішчыць уласную прамысловасць, а наўзамен закупляюць прадукцыю, што некалі выраблялі самі, на Захадзе, залазячы ў пазыкі. А працаздольнае насельніцтва, паводле Анфімава, ратуючыся ад нішчымніцы дома, раз’ехалася на заробкі па свеце. Беларусь жа, паводле чыноўніка, наадварот, захавала хай сабе і неэфектыўныя дзяржаўныя заводы, якія, аднак, пастаўляюць танную тэхніку на ўнутраны рынак ды экспарт. Эканаміст Міхал Залескі адзначае, аднак, што танныя МАЗы – ілюзія, бо на штогадовыя шматмільярдныя субсідыі дзяржаўным прадпрыемствам даплочвае ўсё грамадства.

«Навошта мы ўсталёўваем кошты на гэтыя МАЗы, трактары, сеялкі, веялкі ды бароны? Давайце будзем раздаваць іх вытворцам сельгаспрадукцыі, будаўнікам, дарожнікам – бясплатна. З каго мы будзем браць грошы ў выніку?», – адзначае эканаміст.

Апытаныя намі адмыслоўцы, у адказ на разважанні чыноўніка прыводзяць лічбы і факты. Гэтак, Славаччына, некалі адна з найбяднейшых краін камуністычнага блоку, на сённяшні дзень стала найбуйнейшай у Еўропе вытворцам аўтамабіляў на душу насельніцтва – дзякуючы прыходу туды такіх карпарацый, як «Пэжо», «Сітраэн» ці «Кія». Агулам сярэдні заробак у Літве ці Польшчы ў разы перавышае беларускі, пры адсутнасці энергетычных датацый з боку Расеі ды меншым дзяржаўным доўгу.

«Прайшло ўжо 30 год рэфармавання тут. Мы бачым, што ў нас пачынаюць і кідаюць, пачынаюць і кідаюць. Нічога не даведзена да канца. Яны як недалечаны хворы, у якога бываюць рэцыдывы хваробы. Таксама не даведзеныя да канца рэформы даюць горшыя вынікі, чым поўная адсутнасць рэформаў», – аналізуе Міхал Залескі.

А палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі заўважае, што артыкул Анфімава паўтарае і абгрунтоўвае заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя з нагоды адстаўкі ўраду ў гэтую суботу.

«У нас некаторыя ва ўрадзе пачалі разумець гэта па-іншаму. Давайце хутчэй прыватызуем дзяржаўную ўласнасць, хутчэй распрадамо», – заявіў Лукашэнка ў суботу.

Пры гэтым кіраўнік краіны заявіў, што не супраць прыватызацыі, але толькі кропкава і там, дзе дзяржава, на думку чыноўнікаў, не здолее гаспадарыць сама. Паводле ж Класкоўскага, з тых заяваў Лукашэнкі і сённяшняга артыкулу Анфімава можна меркаваць, як насамрэч будзе працаваць новапрызначаны ўрад.

«У той сістэме, якую адбудаваў Лукашэнка, даводзіцца хвастаць пугай, перыядычна мяняць гэтых людзей. Але, на жаль, гэта не дае істотнага эфекту і не вядзе да тых рэформаў, якія даўно патрэбныя для Беларусі», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Агулам апытаныя намі адмыслоўцы нагадваюць: тыя краіны, якія праводзілі рэформы хутка, пачуваюцца сёння лепей, чым тыя, што тармазілі іх ці спыняліся на паўдарогі. Да прыкладу, суседняя Польшча, якая найбольш рашуча правяла рынкавыя рэформы на пачатку 1990-х, ані разу з таго часу не правальвалася ў рэцэсію. Павольная ж прыватызацыя прыводзяць да марнавання нацыянальных рэсурсаў і перашкаджае стварэнню новых працоўных месцаў.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu