«Лукашэнка хоча стварыць вось Пекін-Масква-Менск»


Інфармацыя на сталічным лётнішчы дублюецца кітайскаю моваю яшчэ з кастрычніка. А цяпер і знакі вакол чыгуначных вакзалаў – не толькі ў сталіцы – пішуцца зразумелаю для выхадцаў з Кітаю моваю. Чаму Менск гаворыць па-кітайску?

«Сіньцзіньчуо» – касы, «міньбін» – міліцыя і гэтак далей. Выглядае на тое, што шырока рэкламаваная супраца афіцыйнага Менску з Пекінам робіцца бачнай ужо на беларускіх вуліцах. Апытаныя намі менчукі новаўвядзенне не тое каб падтрымлівалі, але і супраць нічога не маюць.

Беларусы кажуць:

«Спакойна да гэтага стаўлюся, чым больш будзем размаўляць, тым лепш».

«Ну, пэўна да нас шмат кітайцаў збіраецца прыехаць у Беларусь. Чаму – ня ведаю».

«Мне падаецца апошнім часам стала больш кантактаў з кітайскімі бізнесоўцамі – гэта вельмі спатрэбіцца».

І сапраўды, тэма беларуска-кітайскага сяброўства апошнімі гадамі сталася адным з лейтматываў афіцыйных СМІ. Праўда, адмыслоўцы не разумеюць сэнсу ў такіх праявах сяброўства.

«Увесь свет кажа на англійскай мове і калі сюды прыязджаюць кітайцы, што не ведаюць англійскай, то іх трэба разварачываць – рабяты, едзьце дадому, вучыце мовы. А калі вы хочаце нейкія міжнародныя дачыненні будаваць, то вас сюды ўвогуле падпускаць нават нельга», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Лукашэнка ж хацеў бы бачыць сяброўства на асабістым узроўні. І ў абодвух лідараў з сёння стала сапраўды шмат агульнага. Сход народных прадстаўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі прыбраў з канстытуцыі абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Супраць прагаласавалі толькі двое з трох тысяч дэлегатаў. Пекін падкрэслівае: кітайскай дэмакратыі нічога не пагражае.

«Я мяркую, што такой магчымасці, як пагроза дэмакратыі, наагул не існуе. Калі прэзідэнт Сі Цзінь Пін сустрэўся з прэсаю падчас паседжання сходу народных прадстаўнікоў, ён падкрэсліў: час давёў, што Камуністычная партыя Кітаю ў стане павесці за сабою людзей у вялікую сацыялістычную рэвалюцыю», – заявіў прэс-сакратар сходу народных прадстаўнікоў КНР Шэн Чуньао.

Прынятыя папраўкі ў канстытуцыю фактычна прыраўнялі Сі Цзінь Піна да Маў Цзэ Дуна і Дэн Сяў Піна – заснавальнікаў сучаснае палітычнае сістэмы Кітаю. Чаго Лукашэнка, які даўно прыбраў канстытуцыйную перашкоду для неабмежаванага прэзідэнцтва, шукае ў гэтым сяброўстве?

«Аляксандр Рыгоравіч вырашыў стаць такім пасярэднікам і стварыць вось Пекін-Масква-Менск, хаця ніхто яго аб гэтым не прасіў і наўрад ці папросіць. Гэта такое жаданне дагодзіць генсеку партыі і стаць побач з краінай, якая ў 140 разоў больш за нашую», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Якімі б цьмянымі ні былі перспектывы двухбаковае супрацы, у беларускіх універсітэтах толькі летась вучыліся амаль дзве тысячы кітайскіх студэнтаў. Прынамсі ім будзе цяпер прасцей трапіць дадому.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Фота – REUTERS/Jason Lee