Лукашэнка хоча памацаваць «пузатых буржуяў»


Літаральна за пару гадзінаў да нашага эфіру ў Горадні міліцыянты затрымалі нашых калегаў Змітра Міцкевіча і Сяргея Кавалёва, якія асвятлялі пікет за Аляксандра Лукашэнка. Таксама сёння арыштавалі актывістаў: Змітра Казлова, вядомага як блогер Шэры Кот, Міхаіла Бандарэнку, Арцёма Чарняка, Артура Клімовіча. Ну а сам Лукашэнка сёння загадаў «прашэрсціць пузатых буржуяў».

У Беларусі звальняюць працаўнікоў, калі яны не падпісваюцца за вылучэнне кандыдатаў, альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта сёння стала вядома са словаў Аляксандра Лукашэнкі:

«Нахабнымі ўжо сталі і не баяцца: «А, ты там за свайго Лукашэнку, ну дык ідзі на вуліцу!»

А што думаюць самі выбарцы? На паўтара дзясятка апытаных «Белсатам» пінчукоў знайшлося толькі два адкрытых прыхільнікі Лукашэнкі. Вось што сказалі «Белсату» жыхары Пінску:

«Я чакаю, што Лукашэнка будзе ў нас і далей кіраваць».

«Я не бачу перспектываў у далейшым ад цяперашняга прэзідэнта».

«Улада ўжо за 26 гадоў сваё аджыла».

«Простыя людзі дайшлі да ручкі».

«Я атрымліваю пенсію 200 рублёў. Гэта за мяжой жабрацтва».

«Выбары няшчырыя, як былі, гэтак і застануцца».

Пры гэтым людзі абураюцца менавіта агрэсіўнымі абяцаннямі Лукашэнкі «не аддаць Беларусь».

«Забылі, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане падавіў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр – на каленях стаялі, рыдалі-плакалі», – пагражаў «нагадаць пра вайну» Лукашэнка, прадстаўляючы новы ўрад 4 чэрвеня.

Як на практыцы выглядае абарона ад Майдану: сёння пасля пяці дзён арышту вызваліўся віцяблянін Алег Паўлаў, затрыманы проста на зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, жонку Сяргея Ціханоўскага, прызнанага палітвязнем.

«Гэта міліцэйскае і судовае свавольства. Я спрабаваў гэта патлумачыць суддзі, але яна мяне практычна не слухала», – распавядае Паўлаў.

На 15 дзён у віцебскі ізалятар рыхтавалася сесці настаўніца Таццяна Севярынец, маці сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які цяпер пад арыштам у Менску. Але сённяшні суд за збор подпісаў 31 траўня перанеслі на наступны тыдзень.

«Прэцэдэнтаў было шмат, гэта не першы мой суд. Я ўжо выйграла суд у ААН з дапамогай нашых праваабаронцаў. А гэта ўсё творыцца і творыцца», – абураецца Таццяна Севярынец.

Віцяблянін Аляксандр Іллінец атрымаў штраф 40 базавых велічыняў – гэта 1080 рублёў, або 455 долараў.

«Спачатку 5 дзён арышту, я адседзеў, потым 25 базавых, потым дзень адсядзеў, цяпер 40 базавых – проста так даюць нам штрафы. Будзем неяк з імі змагацца», – кажа Аляксандр Іллінец.

Два службовыя аўтамабілі ды 12 міліцыянтаў і ДАІшнікаў – гэтак у Гомлі затрымлівалі Аляксандра Шабаліна, калі ён ішоў збіраць подпісы. Да канца дня яго дапытвалі ў дзвюх пабочных крымінальных справах. Шабалін рыхтуе скаргу ў пракуратуру.

«Яны перашкодзілі менавіта збору подпісаў. Гэта грубае ўмяшанне ў правядзенне выбарчай кампаніі, за якое крымінальна караюць», – тлумачыць чалец ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

А ў Менску на 15 дзён арыштавалі відэаблогера Уладзіміра Цыгановіча, вядомага як «MozgON», – за яшчэ лютаўскае масавае мерапрыемства.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»