Лукашэнка хоча, каб за наркотыкі саджалі менш


Аляксандр Лукашэнка на паседжанні Савету бяспекі выказаў сумнеў у пазітыўных паказніках, якія штогод дэмантруюць яму праваахоўнікі.

Кіраўніка краіны насцярожыла памяншэнне крымінальных праяваў у краіне.

«У нас злачыннасць скарачаецца па статыстыцы на 7 % у год. Але гэта таксама насцярожвае – дай бог, каб так. Можа быць, у нас хутка наагул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумневы ў аб’ектыўнасці гэтай вясёлкавай карціны, хоць міністр мне ўвесь час гаворыць, што яго мэта – выключыць гэтую «палкавую» статыстыку», – зазначыў Лукашэнка.

Прагучалі і іншыя прэтэнзіі да сілавікоў

У тым ліку звязаныя з вялікаю доляй злачынстваў на побытавай глебе і здзейсненых у нецвярозым стане. Да таго ж Аляксандр Лукашэнка ўказаў на праблемы нарказлачынстваў. Гэтак, у параўнанні з 2016 годам аб’ём рэчываў, сканфіскаваных беларускімі памежнікамі, павялічыўся ажно ў 35 разоў! Лукашэнка зноў выказаў сумнеў у эфектыўнасці працы органаў.

«Лукашэнку далажылі, што яны перабаршчылі з пасадкай асобаў па 328 артыкуле, па барацьбе з наркотыкамі. Сёння 15 тысяч моладзі сядзіць, і ўсе разумеюць, што там ёсць злоўжыванне службовых паўнамоцтваў, перавышэнне ўлады, незаконнае асуджэнне, падлог дакументаў. І таму не выключана, што будзе нейкі ўдар па сілавіках, і ў прыватнасці МУС», – упэўнены праваабаронца Алег Волчак.

Лукашэнка ахвотна вяртаецца да тэмы карупцыі

Менавіта ў вобразе барацьбіта з карупцыяй ён ішоў на свае першыя прэзідэнцкія выбары. Не абмінуў гэтай тэмы Лукашэнка і на сённяшняй нарадзе. І гэта на фоне нядаўняй адстаўкі міністра спорту Аляксандра Шамко. Сярод іншага, адстаўка звязаная з карупцыйнаю схемай, пабудаванай дырэктарам менскага Палацу спорту.

«Я думаю, што ў бліжэйшы час могуць быць не выключаныя гучныя справы, гэта такая падрыхтоўка ідзе, што карупцыя, карупцыя, карупцыя – са словаў Лукашэнкі. Але мне здаецца, што ў яго дастаткова зараз інфармацыі. І хто яго ведае, мо наступны будзе адзін з губернатараў вобласці – трапіць пад карупцыю. Ужо людзям трэба троху вышэй нейкія чыноўнікі», – кажа Волчак.

Як адзначаюць эксперты, пазітыўная статыстыка працы праваахоўнікаў можа быць звязаная з практыкаю штучнага заніжэння паказнікаў злачыннасці праз адмову ад завядзення крымінальных справаў. Аднак усё ж гэта ніяк не развязвае пытання з рэальнаю злачыннасцю як у дзяржаўным апараце, гэтак і на вуліцах краіны.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: kazanreporter.ru