Лукашэнка хоча, каб за ахову мяжы плацілі ЕЗ і Расея


Руціннае падпісанне дакументу аб ахове мяжы Аляксандр Лукашэнка скарыстаў для гучных заяваў. Навокал – неспакойна, таму памежнікі мусяць яшчэ пільней лавіць тэрарыстаў і экстрэмістаў, не дапускаць кантрабанды, нелегальнай міграцыі ды наркатрафіку.

«У бліжэйшы час абстаноўка на мяжы наўрад ці зменіцца карэнным чынам. Таму актыўнымі тэмпамі варта працягваць абсталёўваць памежныя рубяжы, ствараць нармальныя ўмовы для нясення службы памежнікамі, будаваць заставы, усталёўваць сучасныя тэхнічныя сродкі на дзяржаўнай мяжы», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Старшыня Памежнага камітэту казырнуў лічбамі

Анатоль Лапо фанабэрыўся, маўляў летась затрымалі амаль 600 парушальнікаў мяжы, што значна больш, чымся ў ранейшыя гады. Прыгадаў, што мяжу ўзмацняюць і робяць усё больш тэхналагічнай, са сродкамі дыстанцыйнага кантролю.

Якія межы нам варта ўзмацняць?

«Украіна, бо беспарадкі ў Данбасе і Луганску, і Расея, бо Каўказ сваё дае».

«Каб змагацца са злачыннасцю і кантрабандай, трэба зачыніць мяжу з Расеяй».

«Адтуль больш за ўсё можна правезці».

«На 50-60% уплывае крыміналітэт Расеі на Беларусь».

– кажуць жыхары Менску.

Пінск усцяж абмяркоўвае разбойны напад на сям’ю ІП

Адзін з падстрэленых злачынцаў прыехаў на крымінальныя гастролі з Маскоўскай вобласці.

А ў Магілёве памятаюць, як у лістападзе грамадзянін Расеі спрабаваў абрабаваць банк ды ўзяў закладнікаў. Дайшло да страляніны на вуліцах.

Таксама беларусы з расейскага памежжа скардзяцца на рэкі кантрабанднага і падробленага алкаголю з Расеі. Памежных пунктаў і поўнага кантролю гэтай мяжы проста няма.

«Немагчыма ўявіць, што Аляксандр Лукашэнка можа сказаць аб ахове мяжы з Расеяй, бо ёсць так званая Саюзная дзяржава, так званы Мытны звяз. Тым не менш, з кожным днём мы назіраем пераважна неафіцыйную інфармацыю, што мяжа з Расеяй усё мацней ахоўваецца з абодвух бакоў. То Расея ставіць там нейкія дадатковыя патрулі, то Беларусь», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Лукашэнка: Беларусь – востраў бяспекі пасярод неспакойнай Еўразіі

«Мы нясем немалыя выдаткі, перашкаджаючы рознага гатунку мігрантам, бандытам, шарлатанам, злачынным групоўкам у пранікненні ў Еўропу і назад на Усход… Але, скажу шчыра, міжнародная супольнасць дый расейцы маглі б фінансава больш актыўна ўдзельнічаць», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Ахова мяжы – гэта наш абавязак, а не сродак заробку

«Мяжу ахоўваюць не дзеля Еўропы: Нямеччыны, Польшчы ці Галандыі. Уласную мяжу ахоўваюць у інтарэсах Беларусі», – даводзіць спадар Цыганкоў.

Лукашэнка перыядычна пагражаў адкрыць межы для нелегальных мігрантаў, што едуць у Еўропу. Сёлета дадалася пагроза Маскве адкрыць украінскі кірунак. Раптам спужаюцца і грошай дадуць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters