Аб'ектыў 28.09.2017 Лукашэнка хоча быць пасярэднікам паміж Масквой і Ватыканам


Беспрэцэдэнтная для Беларусі падзея – прыезд амаль паўсотні вышэйшых каталіцкіх іерархаў. І не новая прапанова Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на фактычнае дамінаванне на тэрыторыі нашай краіны Расейкай праваслаўнай царквы, кіраўнік краіны чарговы раз запрашае ў госці гаспадара Ватыкану.

Раней – пасярэднік паміж Масквой і Кіевам. Цяпер – паміж Расейскаю праваслаўнаю царквой і Каталіцкім касцёлам.

«Прыехалі ў Менск і вырашылі правесці тут раду – вы паступілі правільна. Мы гэта цэнім», – гэтак Лукашэнка прывітаў удзельнікаў пленарнага паседжання Рады каталіцкіх епіскапаў Еўропы. А заадно прапанаваў зарганізаваць у Менску сустрэчу Папы Рымскага Францішка і кіраўніка РПЦ.

«Была адзначаная выніковасць сустрэчы Папы Рымскага і патрыярха Кірылы. Недзе там, далёка на Кубе. Трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Менску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня ды ўсёй планеты», – адзначыў Лукашэнка.

Летась у траўні Лукашэнка ўжо настойваў на сустрэчы царкоўных іерархаў на тэрыторыі Беларусі. Нагодамі прапаноўваў і памінанне ахвяраў Першай ці Другой сусветных войнаў, і будаўніцтва святыняў.

«Ёсць такія бяспройгрышныя палітычныя хады, калі можна анансаваць нейкае мерапрыемства, запрашаць нейкіх вядомых асобаў на сустрэчу, а яны хай разбіраюцца, як на гэта рэагаваць. Той, хто вылучае такую прапанову, заўсёды застаецца ў выйгрышы. Як міратворца, як чалавек, які хоча абʼяднаць розныя канфесіі сярод адной хрысціянскай рэлігіі», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Не забыўся Лукашэнка нагадаць замежным гасцям і пра ініцыятыву прэзентацыі Менску як пляцоўкі для перамоваў у расейска-ўкраінскім канфлікце.

«Мы рабілі і працягнем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб менскі працэс, менскія пагаднення, якім няма альтэрнатывы, спрыялі больш хуткаму аднаўленню міру на ўкраінскай зямлі», – заявіў Лукашэнка.

Першае Менскае пагадненне падпісалі ў верасні дзве тысячы чатырнаццатага. Што праўда, міру Украіна не зазнала дасюль.

Аднак, аднойчы прымераўшы касцюм міратворца, які засланіў кляймо «апошняга дыктатара Еўропы», кіраўнік Беларусі зноў спяшаецца разгуляць тую ж карту.

Менчукі кажуць:

«Аўтарытэт яго падвысіць, што ён самы лепшы, самы добры. Ён сябе любіць».

«Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы – у нас павінна нешта такое быць – пляцоўка для сяброўскіх спатканняў».

«Чаму б і не рабіць такія заявы – яны не нясуць за сабою ніякай адказнасці. Заявы імідж краіны падымаюць».

«Паказуха. Гэта чыстая паказуха, што я тут нешта раблю. А насамрэч тут нічога няма».

Прыезд амаль паўсотні вышэйшых каталіцкіх іерархаў у Беларусь – сапраўды значная падзея. Збіраецца такая рада раз на год. І гэта ледзь не галоўная падзея Каталіцкай царквы Еўропы.

У Беларусі ж асноўная рэлігія – праваслаўе. Айчынная царква не мае незалежнасці і падпарадкоўваецца Расейскай. Каталікоў у нашай краіне – прыблізна паўтара мільёна.

Што праўда, паводле даследаванняў, яны найбольш актыўныя – кожны чацвёрты каталік наведвае касцёл штотыдзень. Каталікі зазнаюць і большы ціск з боку ўладаў краіны.

І тут можна было б прыгадаць шэраг прыкладаў, калі без усялякіх падставаў абмяжоўваліся правы каталіцкага касцёлу праз тое, што без усялякіх аргументаў, прычынаў дзяржаўныя чыноўнікі не давалі ўзгаднення на працу каталіцкім святарам, каталіцкім манахам і манахіням.

Апошняе гучнае выгнанне каталіцкага святара адбылося сёлета ўвесну. Пасля дваццаці васьмі гадоў служэння пробашч гомельскага касцёлу Славамір Ласкоўскі атрымаў адмову ў грамадзянстве і выехаў з Беларусі.

Лола Бурыева; фота вокладкі – Gregorio Borgia/AP

Глядзі таксама
Каментары