Лукашэнка дазволіў ураду перапісаць газавыя кантракты з Расеяй


Кіраўнік Беларусі падпісаў указ, які дазволіць унесці змены ў пагадненне з Расеяй аб пастаўках газу ў нашую краіну. Указ упаўнаважвае Савет Міністраў уносіць у міжурадавае пагадненне папраўкі наконт фармавання цэнаў на пастаўку і транзіт блакітнага паліва. Дакумент «Аб праекце міжнароднай дамовы» датаваны 23 студзеня, першыя цьмяныя звесткі пра яго з’явіліся толькі сёння. Якога тыпу папраўкі мае права ўносіць урад, не ўдакладняецца.

«Газ і нафта – без іх беларуская мадэль існаваць не можа, дакладней, не столькі без іх, колькі без датацыяў, без энерганосьбітаў. Таму гэтая тэма заўсёды была закрытаю для шаноўнай публікі, так будзе і надалей», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Учора падчас працоўнай паездкі ў Шклоў кіраўнік краіны абурыўся штучным завышэннем коштаў на энерганосьбіты з боку Крамля. Перадусім Менск настойвае на ўнутрырасейскім кошце на газ. Паводле Лукашэнкі, бакі дамовіліся яшчэ падчас продажу «Газпрому» ў 2011 годзе прадпрыемства «Белтрансгаз».

Аляксандр Лукашэнка тады запэўніваў: «Галоўнае, што мы нічога не страчваем у плане падаткаў ад «Белтрансгазу» і мы нічога не страчваем, а набываем, значна атрымаўшы вялізную зніжку за прыродны газ».

Падчас візіту ў Шклове афіцыйны беларускі лідар прыгразіў, што Беларусь мае адказ на нядобрасумленныя, паводле ягонага меркавання, дзеянні Расеі. Напружаныя перамовы пра інтэграцыю, з чым уласна і звязаныя кошты на энерганосьбіты, працягваюцца ўжо другі год.

«Гэта не імгненнае рашэнне Крамля. У Крамлі прынятае нейкае глабальнае рашэнне. У адпаведнасці з гэтым рашэннем Расея і паводзіць сябе. І не саступіла ані на крок», – сцвярджае Сяргей Нікалюк.

На думку палітолага, жорсткая палітыка Расеі працягнецца. І чакаць саступак у нафтагазавай сферы без саступак у інтэграцыі Беларусі не варта.

Анастасія Русецкая, «Белсат»