Лукашэнка дазволіў прамысловую лоўлю радыеактыўных рыбаў


Распачаць прамысловую лоўлю рыбы ў Прыпяці ў межах Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка дазволіў кіраўнік нашае краіны. Але рашэнне, мякка кажучы, спрэчнае. Ці варта займацца рыбнай гаспадаркай на забруджаных тэрыторыях, і хто будзе есці тамтэйшую рыбу?

Сінявокай нашую краіну называюць нездарма – куды ні глянь, дзе ні спыніся, трапіш на добрае возера ці раку. Аднак уладам для чагось спатрэбілася яшчэ больш даступных вадаёмаў для развіцця рыбнай лоўлі.

Аляксандр Лукашэнка ўнёс папраўкі ў свой сорак першы ўказ і змяніў межы Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Цяпер рака Прыпяць, што ў межах запаведніка, будзе належаць да рыбалоўных угоддзяў, і там дазваляецца прамысловае рыбалоўства.

«Там вельмі брудныя землі, на якіх не толькі стронцый і цэзій, але і трансуранавыя элементы, і амерыцый там ужо з’яўляецца ў вялікай колькасці. Таму нельга там весці ніякай гаспадарчай дзейнасці», – кажа эколаг Юрый Варонежцаў.

Запаведнік быў арганізаваны 30 гадоў таму. Ён аб’ядноўвае тэрыторыі трох найбольш забруджаных радыенуклідамі раёнаў краіны – Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. Агульная плошча запаведніка да паправак ва ўказ складала каля двухсот шаснаццаці тысяч гектараў. Якімі цяпер будуць ягоныя межы – пакуль не вядома.

«Адкрыўшы промысел – гэта брыгады, сеці, усё гэта, у момант вынішчыце пагалоўе рыбы. У запаведніку не ловяць увогуле, а ў такім рачным тым больш. І другое – вы не зможаце пракантраляваць, каб адну радыеактыўную рыбку праверыць, а другую не», – гаворыць Аляксандр Сыкала, эксперт па ўстойлівым развіцці, эколаг.

Ці пагадзіліся б беларусы спажываць рыбу, што паходзіць з такой запаведнай зоны?

«Ну елі б, а чаму не? Мы ж не можам 200 гадоў сядзець і не есці нічога, таму што там была аварыя».

«Чарнобыльская зона павінна адназначна быць зачыненая, туды ніхто не мусіць хадзіць, гэта небяспечна для здароўя».

«Еў бы, напэўна, не звяртаў бы ўвагі. А якая розніца? Я не баюся».

«Рыбы не еў бы з чарнобыльскай зоны. Невядома, якога яна там паходжання».

«А адкуль мы будзем ведаць, радыяцыйная яна ці не?»

Згодна з экспертамі, у Беларусі дастаткова прыродных рэсурсаў для вядзення сельскай і рыбнай гаспадаркі і без запаведных зямель. Беларусь уваходзіць у пяцёрку краінаў Еўропы з найбольш прыдатнымі для сельскай гаспадаркі палеткамі на душу насельніцтва. У нас каля 21-й тысячы рэк і 11-ці тысяч азёраў.

«Калі будзе арганізаваная там прамысловая лоўля, то напэўна, будзе неяк і платная аматарская. Людзі будуць ехаць туды, людзі будуць атрымліваць дозу… Нагрузкі нашым анкадактарам у Гомельскай вобласці дадасца», – каментуе эколаг Юрый Варонежцаў.

У той жа момант, адмыслоўцы адзначаюць вялікі ўзровень браканьерскай лоўлі рыбы ў зоне запаведніка пад дахам мясцовых службаў. Гэтак, цяпер за хабар судзяць былога начальніка Мазырскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і ягонага намесніка – тыя заплюшчвалі вочы на лоўлю рыбы ў радыяцыйнай зоне. Аляксандр Сыкала, эксперт па ўстойлівым развіцці, эколаг:

«Да моманту адкрыцця лоўлі на Прыпяці і Дняпры – нашых дзвюх радыяцыйна забруджаных рэках, даюцца рэкамендацыі рыбакам: не бярыце той рыбы, якая жыве на дне, не бярыце рыбы, якую вы злавілі бліжэй да ўкраінскай мяжы, не карыстайцеся мясцовым палівам, прывозьце дровы з сабой».

Адпаведна – ад лоўлі рыбы ды іншай гаспадарчай дзейнасці ў запаведніку шкода ўсім – як мясцовай флоры і фаўне, гэтак і патэнцыйным спажыўцам прадукцыі. Аднак незаўважна, каб улады за гэта перажывалі.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: REUTERS / Alaa al-Marjani / FORUM