Лукашэнка дастаў школьнікаў рэформамі


Аляксандр Лукашэнка ў пытаннях школьнай адукацыі прыслухоўваецца да ўласнага сына. Чаму б не прыслухацца і да іншых беларускіх дзяцей? Васьмігадовы магілёўскі шкаляр Ваня запісаў уласны відэазварот да кіраўніка Беларусі, каб пагаварыць пра набалелае.

«Шматкроць гаварылі пра пяцібальную ці дзесяцібальную сістэму, а таксама пра школьную форму і час пачатку заняткаў. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваюць палітыкі, міністры і нават прэзідэнт. Але ў нас, шкаляроў, чамусьці пра гэта не пытаюцца. Чаму? Мы што, не людзі?», – абурыўся цяпер ужо відэаблогер Ваня.

Трэцякласнік зладзіў эксперымент ва ўласным ложку

А таксама правёў апытанне ў школе наконт часу пачатку заняткаў. Між тым, апроч праблемаў, якія, у выніку пераводу навучання з 8-й гадзіны на 9-ю, узніклі па-за школаю: часцяком дзеці вымушаныя дабірацца да школы самастойна, вяртаюцца дадому зноўку ж пазней, клопату дадалося і… настаўнікам.

«Мы едзем працаваць а 8-й, а дзеці ідуць а 9-й – і вымушаныя там рабіць у школе немаведама што. Я прыходжу раней, чым у мяне пачынаюцца заняткі, і бачу гэтыя натоўпы дзяцей, якія не ведаюць, куды сябе падзець і ходзяць па гэтай школе», – даводзіць настаўніца Ганна Севярынец.

Ваня распавядзе і пра іншыя праблемы айчыннай адукацыі

А такіх праблемаў з пачаткам навучальнага года заўважна пабольшала. Новы ўзор дзённіка, абавязковая аднолькавая школьная форма, павелічэнне класу з 25-ці да 30-ці навучэнцаў – усе гэтыя змены, цвердзіць настаўніца Ганна Севярынец, толькі ўскладняюць жыццё ўсім, бо насамрэч… анічога ў адукацыі не змяняюць.

«Ай, гэта не рэформы! Гэта такія ж рэформы, як мы зараз ходзім на заняткі на дзявятую. Гэта не рэформы! Гэта калі дом валіцца, дах прасядае, у падвале пацукі, падлога прагніла, а мы прыходзім і фарбуем прыступкі», – упэўнена яна.

Блогер Ваня адзначае, што кіраўнік дзяржавы рэдка карыстаецца інтэрнэтам

Школьнік просіць прэс-сакратарку Аляксандра Лукашэнкі Наталлю Эйсмант і ягонага сына Колю пераказаць для Аляксандра Лукашэнкі і гэты, і наступныя ролікі. Прынамсі пакуль той сам не навучыцца як у інтэрнэт заходзіць часцей, гэтак і да суграмадзянаў прыслухоўвацца.

Валеры Руселік, «Белсат», фота: Аляксей Шэўцоў