Лукашэнка параіў чыноўнікам выпіваць у лазні з бізнесменамі


«Ну, я абяцаў адрэагаваць на крытычныя заўвагі нашага грамадства ў медыях, інтэрнэце і гэтак далей», – заявіў нядаўна Аляксандр Лукашэнка.

І не менш эмацыйна, чымся некалькі дзён таму падчас свайго візіту ў Воршу, адрэагаваў. Аляксандр Лукашэнка, які напярэдадні кардынальна змяніў кіраўніцтва ўраду, заявіў, што гэткі «разнос» яму самому нявыгадны, бо ж гэта ён асабіста прызначае ўрадоўцаў. Але ці не хаваецца за гэткаю дэманстратыўнаю шчырасцю нейкі чарговы хітрык?

«Урад ува ўсім вінаваты. Новы ўрад будзе ўсё яшчэ новы на момант электаральнай кампаніі, новых прэзідэнцкіх ці парламенцкіх выбараў», – кажа Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік.

Што ж да размоваў пра рыхтаванне да хуткіх прэзідэнцкіх выбараў, то і тут Лукашэнка адхрысціўся: «Я сам калісьці сеў і палічыў – а калі гэта ў нас выбары прэзідэнцкія? Аказваецца, толькі ў 2020 годзе. Гэта ж яшчэ паўтэрміну. Які папулізм пад выбары?»

Развенчваў Лукашэнка і іншыя пагалоскі. Гэтак, паводле кіраўніка дзяржавы, прапанову давесці да 100 адсоткаў аплату жыллёва-камунальных паслугаў нібыта насамрэч прапаноўваў не Міжнародны валютны фонд, а беспасярэдне ўрад Беларусі. А загад чыноўнікам дасягнуць заробку 1000 рублёў – дык і наагул быццам бы выклікаў ва ўрадзе паніку. Зрэшты, калі загады-абяцанкі паўтараюцца штогод, то знайсці тых, хто ў іх працягвае верыць, робіцца ўсё цяжэй.

Жыхары Менску:

«Для таго, каб быў заробак 500 долараў, трэба эфектыўная эканоміка, а яе няма».

«Ну калі б была створаная сістэма, калі ўсе пачнуць адказваць за сябе, а не за іншых, тады ўсё будзе добра. І ўсе пачнуць зарабляць па 500. А можа нават і паболей».

«Людзі не хочуць працаваць, і таму заробкі становяцца меншыя. Людзей не стае».

«Урад трэба мяняць, тады будзе ўсё добра».

Змяніўшы ж напярэдадні ўрад, Лукашэнка не абмінуў магчымасці раздаць новым віцэ-прэм’ерам парады – напрыклад, як трэба паводзіць сябе з бізнесоўцамі: «Вы з усімі размаўляйце. З усімі сустракайцеся. Хадзіце з імі ў лазню. Можаце нават 100 грамаў выпіць. Але памятайце, вы людзі дзяржаўныя».

Бо Лукашэнка, як ён сам жа і адзначыў, усё бачыць! І паводзіны чыноўнікаў, і «марафеты», рыхтаваныя да візітаў кіраўніка дзяржавы па ўсёй Беларусі.

«Тое, што будзе зроблена, яно ж там і застанецца, я гэтага з сабой не забяру», – паабяцаў Лукашэнка.

Вось толькі чаму пры гэткім, здавалася б, татальным кантролі Лукашэнкі ў краіне ягоных жа загадаў чыноўнікі не выконваюць, «марафеты» ладзяць, а ў краіне квітнее карупцыя?

«Калі б у нас была плюралістычная сістэма, то такая тактыка не магла б працаваць. Узнікла б сурʼёзная супярэчнасць. Хай адзін, хоць і кіраўнік дзяржавы, кажа, што ён штосьці ведае ці не ведае, ацэньвае нешта, але тады б і іншыя маглі б выказвацца і іншыя пачулі б», – адзначае Паўлюк Быкоўскі.

Ва ўладных жа калідорах Беларусі чутно толькі адзін да болю знаёмы голас. Які хоць і цвердзіць, што дыктатуру ў цэнтры Еўропы збудаваць нерэальна, але адразу ж дадае:

«Іншай сістэмы ў Беларусі няма, і ніхто не прапанаваў іншай сістэмы. І ўлады, і развіцця нашай краіны, якая існуе. Адная балбатня», – мяркуе Лукашэнка.

Адная балбатня, тут не паспрачаешся.

Віталь Бабін, «Белсат»