Лукашэнка бярэ ў Захаду гранты на рэформы – і не думае іх праводзіць


Еўразвяз дае Беларусі грошы на дэцэнтралізацыю ўлады, але не патрабуе ад кіраўніка Беларусі ніякіх вынікаў. Рэпартаж Вітаўта Сіўчыка.

Выбіраць мясцовую ўладу? Кожны з апытаных намі бабруйскіх мінакоў хоча ўплываць на тое, што адбываецца ў ягонай мясцовасці:

«Калі народ выбірае, у мэра ёсць адказнасць перад народам».

«Прызначаюць зверху нейкага ката ў мяшку. Я не ведаю нашага мэра, не ведаю, што робіцца ў горадзе, і дэпутатаў не ведаю».

«Я не хадзіў на выбары, бо нават не ведаю, чым яны займаюцца».

Вось і кіраўнік Беларусі, сустракаючыся з Андэрсам Кнапэ, старшынём Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы, заявіў пра неабходнасць дэцэнтралізацыі мясцовае ўлады:

«Мы, зразумела, будзем рухацца ў напрамку большай самастойнасці органаў мясцовага самакіравання. Шмат добрага з таго, што створана ў вас, падлягае перайманню ў Беларусі».

Рухацца ў гэтым напрамку Лукашэнка абяцае не ўпершыню. Вось што кіраўнік краіны заяўляў падчас сустрэчы з папярэдніцай спадара Кнапэ – Гудрун Мослер-Тэрнстрэм – летась у верасні:

«Мясцовае самакіраванне, рэгіянальнае кіраванне, кіраванне рэгіёнамі – гэта даволі істотная ў сучасным свеце тэма».

Але за словамі ніякія структурныя змены не ідуць. Рыторыка ж мае вельмі празаічную падставу.

«Гэта жаданне атрымаць нейкую колькасць рэсурсаў на дэцэнтралізацыю, у якую гатовыя ўкладацца і Еўрапейскі Саюз, і іншыя структуры», – кажа дырэктар Цэнтру Еўрапейскае трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Дэцэнтралізацыя сапраўды магла б прынесці адчувальны эканамічны плён, перакананы эксперт. Але разнявольванне мясцовага чынавенства нясе рызыкі для існае палітычнае сістэмы.

«Мясцовага самакіравання ад 1995 года няма. Да 1995 года абіралі мэраў праз саветы. Лукашэнка калісьці сказаў, што гэта разгул дэмакратыі», – кажа былы дэпутат Мастоўскага райсавету (2003 – 2007) Алесь Зарэмбюк, які ўзначальвае цяпер Беларускі дом у Варшаве.

Разгул – спынілі. Зрэшты, з усёй Еўропы Беларусь – адзіная краіна, якая не падпісала Еўрапейскае хартыі мясцовага самакіравання. Тым не менш падчас сустрэчы з Лукашэнкам Андэрс Кнапэ зазначыў, што мае добрыя ўражанні ад візіту ў нашую краіну і зацікаўлены ў большай супрацы.

«Рада Еўропы традыцыйна любіць такія заявы: што ў Беларусі ўсё значна лепш, чым ёсць насамрэч. Пэўна, такая роля ў Рады Еўропы існуе – завабіць Беларусь у гэтую структуру», – каментуе заяву Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру Еўрапейскае трансфармацыі.

Спробы, аднак, няўдалыя. Рэцэпт жа, як зрабіць удалым і сапраўдным мясцовае самакіраванне ляжыць на паверхні: свабодныя выбары і заканадаўчая перадача большай кампетэнцыі на месцы. Але сёння ад кіраўніка Беларусі ніхто катэгарычна гэтага не патрабуе.

«Захад пачне або працягне, бо ўжо ёсць такія праекты, фінансаваць беларускія райвыканкамы, якія абсалютна ўваходзяць у сістэму вертыкалі ўлады ў Беларусі, і на мясцовым узроўні будуць атрымліваць вось гэтыя еўрапейскія грошы ў выглядзе грантаў», – гаворыць Алесь Зарэмбюк.

Вось толькі, як адзначае былы дэпутат раённага савету, камандна-вертыкальная сістэма ад улівання заходніх грошай не зменіцца.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат». У калажы выкарыстаныя фота Francois Lenoir/Reuters/Forum і Nikolai Petrov/BelTA/TASS/Forum