Лукашэнка будзе сябраваць з Турцыяй нягледзячы на тое, хто ёю будзе кіраваць


Перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Таіпам Эрдаганам распачнуцца заўтра ў Анкары ў пашыраным складзе. Кіраўнік Беларусі наведае свайго калегу і сябра ў адказ на запрашэнне, якое атрымаў яшчэ ў студзені.

З Менску ў Анкару без перасадак – чаму не? Турэцкі напрамак стабільна трымаецца ў топ-5 сярод беларускіх турагенцыяў.

Відэасюжэт пра беларуска-турэцкія дачыненні глядзіце ў поўным выданні вечаровых навінаў:

Кіраўнік Беларусі наведае Анкару. Між іншага мае паклапаціцца пра наўпроставае авіязлучэнне, стварэнне ў Беларусі банку з турэцкім капіталам і супольнага ўніверсітэту.

«Турэцкіх студэнтаў мы ў нашых ВНУ не заўважаем і нашыя туды ў Турцыю вучыцца не едуць. Едуць туды ў асноўным дзяўчыны з нізкім узроўнем сацыяльнай адказнасці, гэта так», – кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Статыстыка кажа, што і ў гандлі – лічбы сціплыя. Леташні таваразварот меншы за мільярд долараў. Доля Турцыі ў вонкавагандлёвым звароце раўняецца 1,3 %, і ў экспарце – 0,5 %.

У параўнанні з 2017-ым годам летась пачаў зніжацца аб’ём турэцкіх інвестыцыяў. Беларусь экспартуе туды калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя валокны, дрот, ільняныя тканіны, масла і сухое малако, а набывае, пераважна, гародніну і садавіну, у тым ліку яблыкі, грушы, чарэшні, вішні ды памідоры, якія цалкам можам расціць на сваёй зямлі.

«Для Беларусі Турцыя – гэта магчымы газ і ў перспектыве магчымая нафта з улікам, што па Украіне ідзе нафта провад «Адэса–Броды», якім прынамсі раз ужо скарысталіся», – кажа палітолаг Вольга Харламава.

Ёсць чаму павучыцца ў узброеных сілаў Турцыі – адзначаў Аляксандр Лукашэнка тыдзень таму прымаючы міністра абароны Хулусі Акара:

«Высока ацэньваем эфектыўнасць, планавасць дзеянняў вашай арміі. Мы разумеем, спадару міністр, вам вельмі няпроста, на вас ажыццяўляецца ціск з боку наймацнейшых краінаў».

Турцыя – чалец НАТО і лічыцца мостам паміж Еўропаю і Азіяй. Але ўсё больш збліжаецца з Масквою, за што ЗША пагражаюць увесці санкцыі.

«У прыватнасці праз рэалізацыю кантракту на пастаўку ў Турцыю ракетна-зенітных сістэмаў С-400 Трыумф», – каментаваў справу Уладзімір Пуцін.

Следам за Крамлём Лукашэнка ў інтэрв’ю турэцкай агенцыі «Анадолу» выказаў сімпатыю да самастойнай пазіцыі Турцыі ў вайсковым пытанні. А як выглядае нашая ўласная супраца? Пасля візіту кіраўніка мінабароны Турцыі паведамілі адно, што яна працягваецца.

«Тэма закрытая, а тут закрытая ўдвайне. Беларусь пастаўляе шасі калёсныя для турэцкіх узброеных сіл, у тым ліку пад мантаж ракетнага ўзбраення. Цікававасці ёсць да аптычных сістэмаў і радыёлакацыі, якія выкарыстоўваюцца да навядзення зенітных ракет», – кажа Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Secutiry Blog».

Ці вырасце цікавасць у кантракты – на высновы могуць спатрэбіцца гады. І хоць партыя Таіпа Эрдагана, якога Аляксандр Лукашэнка называе «сваім сябрам», губляе выбарцаў, супраца працягнецца, лічаць эксперты.

«Гэта стратэгічная палітыка, стратэгічныя дамоўленасці, і хто б не быў замест Эрдагана – прадстаўнік ягонай партыі ці апазіцыйнай – гэта пытанне кірункаў палітыкі, якія не зменяцца», – дадае Вольга Харламава.

Гэта называецца – стабільнасць у доўгатэрміновай перспектыве.

Юлія Цяльпук/«Белсат»; фота анонсу – Thomas Peter/Reuters/Forum