Лукашэнка будзе шукаць нафту на Захадзе


Працоўную групу для абмеркавання спрэчных пытанняў з Расеяй узначаліць міністр эканомікі Дзмітрый Круты – паведаміў сёння прэм’ер Сяргей Румас. Галоўнае з гэтых пытанняў – кампенсацыю за павышэнне цаны расейскай нафты – сёння з міністрамі абмеркаваў Лукашэнка. Як прымусіць Маскву плаціць? І дзе ўзяць грошы, калі не заплоціць? Пра варыянты выхаду з нафтавай пасткі, агучаныя Лукашэнкам, раскажа Аляксандр Папко.

Купляць нафту не толькі ў Расеі даручыў сёння ўраду Лукашэнка. Надзеі на скарачэнне залежнасці ад Масквы ён ускладае на краіны Балтыі. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе развязваць: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты. Калі літоўцы не згодныя – з латышамі дамовіцца і закупляць гэтую нафту. Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць балтыйскія рэспублікі».

Задачу ставіў сапраўды даўно. Магчымасці імпарту нафты з Балтыкі Менск рэгулярна абмяркоўвае ажно з 2004 года.

«Былі перагледжаныя такія варыянты на заводах «Клайпедас Нафта» («Klaipėdos nafta») некалькі гадоў таму. Тады пастанавілі, што не варта. Камерцыйныя пытанні таксама развязвалі, было невядома, трэба гэта Беларусі ці не. Ну а сёння, напэўна, варта пераглядаць гэтыя пазіцыі ды развязваць пытанні», – гаворыць Эўгеніюс Гентвілас, Сейм Літвы, камітэт энергетыкі.

«Бязглуздымі» назваў Лукашэнка размовы пра тое, што Беларусь можа далучыцца да Расеі ў абмен на энергетычныя субсідыі ды паабяцаў дабіцца ад Крамля кампенсацыі «на іншых кірунках супрацы». Праўда, у новыя спосабы «выбіць» грошы з Масквы эксперты не вераць. Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Або нейкая кампенсацыя нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам, або нейкія зніжкі на кошты газу і нафты, кватаванне і гэтак далей – то бок увесь арсенал, які выкарыстоўваўся раней, будзе нейкім чынам рэкамбінаваны».

Паводле Лукашэнкі, за апошнія 4 гады ад расейскага падатковага манеўру Беларусь страціла тры з паловаю мільярды долараў. І страціць яшчэ 10 мільярдаў у наступныя 6 гадоў. Але эканамічнай катастрофы не адбудзецца – пераконвае кіраўнік дзяржавы. У кожным выпадку, да катастрофаў беларусы ўжо прызвычаіліся:

«У гэтым годзе цэны на бензін павышаліся 27 разоў. Ну і перажылі – паглядзіце, колькі машынаў!»

«Уцякаць трэба! Уцякаць з краіны! А што рабіць?»

«А ў мяне дача ёсць! Буду гародніну вырошчваць!»

«Я прадукцыю, якія мы – гарадскія людзі – са свайго ўчастка і навакольнага лесу збіраем, сама ем, маці ў Маскву адпраўляю (з іх ростам цэнаў на нафту) і ўсіх сяброў кармлю!»

«Людзі 90-х выжывалі і не ў такіх неспрыяльных умовах!»

Нафтавыя субсідыі Расеі скарачаюцца ўжо больш за дзесяцігоддзе, але застаюцца істотнымі. Толькі ў мінулым годзе яны дазволілі Менску зэканоміць суму, большую за чатыры адсоткі валавога ўнутранага прадукту.

Недахоп грошай з Усходу можа падштурхнуць Менск шукаць сродкі на Захадзе. Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«У сітуацыі лаяльнасці Беларусі да Захаду і імкнення падтрымаць беларускую незалежнасць, падтрымаць гэтак званы нейтралітэт, якім бы ён ні быў, гэта стане тым, што дасць выхады на новыя крыніцы рэсурсаў з Захаду. Новыя сродкі фінансавання могуць быць перададзеныя Беларусі праз МВФ, напрыклад».

«Калі кіраўніцтва Расеі абярэ страту адзінага саюзніка на заходнім кірунку, гэта іхны выбар» – намякнуў Крамлю Лукашэнка. Праўда, сыходам на Захад ён палохае Маскву ўжо не першы год, але пакуль што далёка не сышоў.

Аляксандр Папко, belsat.eu