Лукашэнка агучыў планы адносна медыкаў


Праблемы ў рыхтаванні медыкаў ды будучая кадравая палітыка ў дачыненні дыпламаваных спецыялістаў. Гэтыя пытанні Лукашэнка сёння абмеркаваў са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага медычны ўніверсітэту.

Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт лідаруе ў спісе самых папулярных ВНУ. Сюды штогод адзін з найвялікшых конкурсаў абітурыентаў. Аднак канкурэнтная прафесія не заўжды выглядае прэстыжна на практыцы.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Вельмі высокая нагрузка, каласальная нагрузка, і вельмі маленькія грошы за гэта. Плюс адказнасць, за такую адказнасць хочацца мець трохі больш», – кажа хірург Зміцер Кароль.

Хібы ў медычнай сферы адзначаюць і самыя пацыенты.

«Нібыта ўсё нармальна, толькі чэргі сталі вялікія. Таблеткі выпісаць – трэба ўзяць абавязкова талончык».

«Трэба трапіць, напрыклад, да траўматолага – не магу. Хоць і трэба. Праз тыдні два – можа быць».

«Вельмі мала лекараў. На ўчастку няма. Хто вольны – да таго і накіроўваюць. Талона чакаеш тыдзень», – распавядаюць жыхары Віцебску.

Паводле агульнарэспубліканскага банку вакансіяў, у Беларусі не стае прыблізна 6 тысячаў дактароў і медычных працаўнікоў. На праблему дэфіцыту звярнуў увагу і Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са студэнтамі сталічнага медуніверсітэту:

«У свой час, пры іх лішку, практычна на траціну былі скарочаныя наборы ў медычныя ўніверсітэты. Адпаведна зменшыліся і выпускі. Сёння набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны адсотак паступлення на ўмовах мэтавага рыхтавання».

Яшчэ адна прычына – адцёк кадраў за мяжу. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Некаторыя нашы – сто чалавек там – рванулі туды. Ну і што? У Літве яны што новага ўбачылі?»

Сёлета, паводле Міністэрства здароўя, з нашае краіны з’ехалі прыблізна 200 дактароў, вярнуліся назад толькі 20. Летась выехалі прыблізна 160, з іх вярнулася чвэрць. Пацвердзіць дыплом за мяжою няпроста, але прынамсі ў суседняй Польшчы можа стаць прасцей. Там разглядаюць законапраект, каб прымаць на працу замежных медыкаў толькі на падставе прафесійнага іспыту.

«Маючы магчымасць вывучыцца на медыкаў, можа, і бясплатна, пачынаюць вучыць ці польскую, нямецкую мову, ангельскую і так ведаюць большасць, і ўсе з’язджаюць, ужо рыхтуючыся з універсітэту», – тлумачыць Зміцер Кароль, хірург.

Усё ж, каб мінімалізаваць адцёк кадраў, Лукашэнка даручыў забяспечыць медыкаў жытлом і ў два этапы павялічыць ім заробак. На 20 адсоткаў налета і на столькі ж – да 2025-га. Аднак ці моцна гэта паўплывае на сітуацыю, калі нават цяпер за мяжою дактарам прапаноўваюць заробак у разы вышэйшы?

Юлія Лабанава belsat.eu