Лукашэнка адкрыў трэцюю лінію менскага метро


Традыцыйны падарунак беларусам ад уладаў на свята бальшавіцкага перавароту. У Менску сёння ўрачыста адкрылі новую – трэцюю лінію метро. Яна мае назву Зеленалужская і складаецца пакуль з 4 станцый. У цырымоніі ўзяў удзел Аляксандр Лукашэнка. Пасажыры скарыстацца новай веткай падземкі змогуць толькі заўтра.

Было дзве лініі, цяпер – тры. У сталічным метро да звыклых Маскоўскай і Аўтазаводскай ветак дадалася новая – Зялёналужская. Пакуль на ёй запускаюць 4 станцыі: гэта «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча». Дзве з іх – перасадачныя. З «Юбілейнай» можна трапіць на «Фрунзенскую», а з «Вакзальнай» на «Плошчу Леніна».

«Мне вельмі зручна ехаць на Слуцкі гасцінец – мне вельмі недалёка да дому. Таму я вельмі радая, што яны адкрываюцца. Галоўнае, каб было зручна. Я, праўда, не ведаю, якія там пераходы рознаўзроўневыя. Трэба паглядзець. Калі добра – гэта вельмі зручна».

«Мне на працу дакладна будзе зручней. Калі я дабіраўся на двух транспартах, цяпер будзе зручней. Калі б зрабілі да канца – было б шыкоўна».

«Адкрыецца значна больш магчымасцяў дабірацца. Я прадчуваю, што гэта будуць новага тыпу з павялічанай бяспекай. І паменшыцца фактар рызыкі смерцяў у метро», – гавораць жыхары Менску.

Новыя станцыі для бяспекі пасажыраў абсталяваная ахоўнымі экранамі, якія будуць адкрывацца разам з дзвярыма вагонаў. Курсаваць па трэцяй лініі будуць цягнікі «Штадлер». Праўда, скарыстацца новымі станцыямі метро пасажыры змогуць толькі заўтра – у дзень бальшавіцкага перавароту – а палове першай. Сёння Зялёналужскую ветку паказалі выключна чыноўнікам.

«Адкрыццё гэтага метро – нейкі палітычны крок, можа быць. І мне не хочацца падтрымліваць гэтай сітуацыі, бо я не падтрымліваю дзейнай улады», – кажа жыхар Менску.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзяў удзел Аляксандр Лукашэнка. Картэж па традыцыйна перакрытых вуліцах прывёз яго на станцыю «Кавальская Слабада». Тым часам у раёнах новых станцыяў было заўважана шмат сілавікоў.

«Сённяшні запуск першай чаргі новай лініі метро – паказнік нашай сацыяльнай і палітычнай устойлівасці. У гэты час такія дзяржавы, як мы, падобных аб‘ектаў не ствараюць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На адкрыцці станцыі «Кавальская Слабада» Лукашэнка заявіў, што падпісаў указ аб павышэнні пенсіяў. Ён таксама прапанаваў зрабіць адгалінаванне трэцяй лініі на поўнач Менску і працягнуць першую лінію ў бок Смалявічаў.

Згодна з планамі адразу сем станцыяў новай лініі мусілі адкрыць яшчэ тры гады таму. Не справіліся ні з тэрмінамі, ні з аб’ёмам.

«Метро спрашчае адлегласць. І хутчэй. Але я спадзявалася, што адкрыецца і Зялёны Луг. У мяне там дачка жыве, і мне быў цікавы менавіта гэты момант».

«Мой дом стаіць за чатыры метры ад катлавана. У мяне ў доме на сёння дзве трэшчыны ў столі. Мы рабілі заяву – няма нават думак паглядзець, наколькі дом пацярпеў падчас будаўніцтва», – распавядаюць жыхары Менску.

Агулам на Зялёналужскай лініі запланавалі 14 станцыяў, якія злучаць поўдзень і поўнач сталіцы з цэнтрам. На будаўніцтва першых чатырох спатрэбілася больш за 5 гадоў. А выдаткі склалі мільярд беларускіх рублёў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»