Лукашэнка адчытаў міністра за небяспеку ў школах. А той прапанаваў забараніць у школе мабільнікі


Міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку будзе цяжка прасоўваць у жыццё забарону на выкарыстанне ў школах тэлефонаў. Пра такія намеры чыноўнік абвесціў у адказ на вымову кіраўніка Беларусі, што захады бяспекі ў школах недастатковыя. Школьнікаў маюць засцерагчы таксама праз абмежаванне небяспечных рэчываў і прадметаў, вось толькі што ў гэтым спісе робяць мабільнікі?

Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Тамара Тарасенка аддала школе ў Бараўлянах 30 гадоў. Са свайго апошняга класу, выпусціла ажно 8 медалістаў. Тамара Тарасенка, былая настаўніца:

«Раней мы больш заўважалі праблемаў, а паколькі цяпер настаўнікі загружаныя бясконцымі паперамі (чаму я і сышла са школы, калі ўзрост падышоў)… Усё гэта нарыхтоўванне папераў сыходзіцца да таго, што вучань застаецца недзе збоку».

У школе ня толькі навука прадметам. Тут вучацца сябраваць, любіць, крыўдзяцца і нават… забіваюць – паказвае беспрэцэдэнтны для Беларусі выпадак у Стоўбцах, дзе 15-гадовы падлетак зарэзаў настаўніцу і вучня.

Аляксандр Лукашэнка штурхае следства, калі гаворка пра… «Крымінальныя справы, якія знаходзяцца на кантролі ў прэзідэнта. Гэта ў асноўным забойствы, якія атрымалі грамадскі рэзананс».

…І не дачакаўшыся на вынікі расследавання, зрабіў вымову міністру адукацыі «За непрыманне належных захадаў арганізацыі бяспечных умоваў знаходжання дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі».

Міністр Ігар Карпенка ўзяўся выпраўляць сітуацыю – сумесна з МУС, Мінабароны і Міністэрствам Надзвычайных Сітуацыяў зацвердзяць пералік прадметаў і рэчываў, якія нельга будзе выкарыстоўваць у школе.

«Я супраць забаронаў! Я за своеасаблівага тыпу свабоды. Іншая справа, што дарослыя ў школе маюць умець правільна арганізоўваць гэтую прастору свабоды. Забаронамі нічога не вырашыш», – гаворыць кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

Карыстанне мабільнымі тэлефонамі мінадукацыі прапанавала абмежаваць! Раней ад настаўнікаў мы ўжо чулі – тэлефоны пагаршаюць літаратурную пісьмовую гаворку, адцягваюць увагу ад навучання, шкодзяць слыху, зроку ды… псіхіцы. Але ці ствараюць небяспеку?

«Трэба тады забараніць ім размаўляць. Мы ж размаўляем словамі і таксама можам дамаўляцца аб нейкіх справах».

«Бацькі хвалююцца. Дзеці мусяць быць на сувязі».

«Гэта звычайная захада. Як нешта здарыцца – пачынаюць закручваць гайкі. Бо адрэагаваць трэба», – мяркуюць жыхары Менску.

Гэтак у Менску, пасля гібелі пад аўтамабілем хлопчыка на школьным двары, на загад Лукашэнкі плотам абнеслі ўсе школы краіны!

На «стаўбцоўскую» трагедыю спецыфічна адрэагавалі таксама ў некаторых школах. На Лунінеччыне ўваход закрылі… для бацькоў! Замест гэтага – варта прапагандаваць сярод дзяцей ідэю раз-пораз наведваць псіхолага – кажа адмыслоўца, і не вінаваціць Закон:

«На мой погляд гэта такая рэч форс мажорная, якая можа здарыцца ў любой краіне – законапаслухмянай, прававой. Гэта рэч звязаная, на маю думку, з псіхапатыяй», – гаворыць Вольга Бяседзіна, псіхолаг цэнтру сяброўскага падлеткам.

Калі так, то хлапцу можна было дапамагчы. Калі няма даверу да сацыяльнага педагогу, можна АНАНІМНА і бясплатна наведаць адзін з пяцідзесяці Цэнтраў сяброўскіх падлеткам. На загад Мінадукацыі з’явіцца таксама рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu