Лукашэнка абмяняе забарону смяротнага пакарання на прызнанне новага рэферэндуму?


Вярнуць беларусам уплыў на мясцовыя ўлады, падрыхтавацца да вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах і нават магчымага рэферэндуму. Пра свае планы на наступны год распавялі прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі.

Чаго чакаць на выбарах у 2018-ым?

На выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, што адбудуцца ў пачатку 2018-га, правацэнтрысты плануюць вылучыць каля паўтысячы сваіх кандыдатаў.

«Правядзем агульнанацыянальную кампанію, каб давесці беларусам, што тыя мясцовыя праблемы з якімі яны сутыкаюцца штодзень і вырашэннем якіх не займаюцца мясцовыя ўлады, яны паўстаюць выключна з-за таго, што ўлада на месцах не абіраецца», – дзеліцца старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Правацэнтрысты думаюць пра 2020 год і гатовыя яднацца ўжо зараз

Таму заданне максімум, акрамя ўдалага ўдзелу ў выбарах, – дамагчыся выбарнасці, а не прызначэння старшыняў выканкамаў. Ужо цяпер правацэнтрысты думаюць і аб прэзідэнцкіх выбарах 2020-га года. І гатовыя яднаць сілы. Бо, маўляў, цяпер ніводная апазіцыйная партыя не здольная сабраць 100 тысяч подпісаў уласнымі сіламі.

«Стратэгія правацэнтрыстаў скіраваная на тое, каб як мінімум мець аднаго кандыдата ад нашай кааліцыі, а калі мы прапануем нейкія механізмы выхаду на адзінага кандыдата ад усёй дэмакратычнай супольнасці, то гэта будзе яшчэ лепшы здабытак», – упэўнены старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Даказаць свету, што беларусы здольныя на дэмакратыю

Аб’ядноўваць сілы трэба не толькі для прэзідэнцкай кампаніі і не толькі палітыкам, мяркуе сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. На ягоную думку, у міжнароднай супольнасці Беларусь пачынаюць адносіць да гэтак званых краінаў, не здольных да дэмакратыі. Даказаць адваротнае, мяркуюць у правацэнтрысцкай кааліцыі, можна дзякуючы стварэнню пляцоўкі для міжсектаральнага дыялогу.

«Медыі, праваабаронцы, няўрадавыя арганізацыі, палітычная апазіцыя, працуючы кожны ў сваім сектары маглі б даносіць адзін і той да меседж да беларускага грамадства і выступаць адным голасам на міжнароднай арэне», – даводзіць спадар Рымашэўскі.

Так што з рэферэндумам пра які гаварыў Лукашэнка?

Праз прызму міжнародных дачыненняў, але ўжо афіцыйнага Менску з Еўразвязам правацэнтрысты глядзяць на рэспубліканскі рэферэндум.

«Калі гэтыя выбары праходзяць па тых жа самых правілах, па старых лякалах, і мы ведаем, якія гэта, і гэта толькі ўпісваецца ў пратакол, неабходныя ўладам лічбы, гэта адна сітуацыя. І канешне, такі рэферэндум, мы ніколі не падтрымаем. Калі нам удасца ўжо ўвесну 2017-га года дабіцца зменаў у выбарчае заканадаўства, а рэферэндум таксама гэтым кантралюецца, то тады ўзнікае іншая якасць сітуацыі», – мяркуе лідар АГП.

Паводле Анатоля Лябедзькі, кіраўнік Беларусі ў якасці нагоды для правядзення чарговага плебісцыту можа, як ні парадаксальна, скарыстацца з ціску Еўропы ў адмене смяротнага пакарання. А ўжо да гэтага «лакаматыва», зазначае лідар АГП, Лукашэнка лёгка прычэпіць і пытанне павелічэння прэзідэнцкага тэрміну, і форму абрання – без удзелу народу, толькі праз Палату прадстаўнікоў.

«Белсат»