«Лівэрпул» разбіў ушчэнт «Сіці». Ці ёсць шанцы ў гараджанаў?


Адзін з самых нязручных з магчымых супернікаў стварае «Манчэстэр Сіці» вялікія праблемы. Каб выйсці ў паўфінал футбольнай Лігі Чэмпіёнаў, «гараджанам» цяпер трэба забіваць «Лівэрпулу» не менш за 4 мячы, а ўсё таму, што на «Энфілдзе» камандзе Жузэпа Гуард’ёлы нечакана ўчынілі разгром, 3:0.

«Сіці» дэкласавалі ўсяго за паўгадзіны, за якія ў браму Эдэрсона ўляцелі тры галы на розны густ: пасля ўдару з кароткай дыстанцыі, далёкага стрэлу і галавою. На «Этыхадзе» праз тыдзень усё можа скласціся зусім інакш, і не варта сумнявацца ў тым, што «Сіці» могуць здзейсніць камбэк нават пасля такога фіяска.

У іншым матчы 1/4-ай фіналу «Барсэлона» на сваім «Кам Ноў» таксама не заўважыла апанента ў выглядзе італьянскай «Ромы» – у выніку 4:1 і перад матчам у адказ у гэтай пары амаль усё прадказальна. Адзначу, што «Рома» з чатырох прапушчаных галоў 2 забіла сабе самая – намаганнямі Дэ Россі і Маналяса.

Сёння адбудуцца першыя матчы 1/4-ай фіналу Лігі Еўропы. Сустрэча з найбольш гучнаю афішаю пройдзе ў Лондане на «Эмірэйтс», дзе мясцовы «Арсенал» прыме маскоўскі ЦСКА на чале з Віктарам Ганчарэнкам.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Simon Bellis / Sportimage / Forum