Літва вырашыла забяспечыцца ад аварыі на БелАЭС. Вось, што там цяпер адбываецца


У апошнім месяцы года запусцяць ядравую рэакцыю на Беларускай АЭС пад Астраўцом. Гэта будзе ўключэнне першага энергаблоку ў энергасістэму, пацвердзіў ранейшыя намеры віцэ-прэм’ер краіны Ігар Ляшэнка. Пакуль Беларусь рыхтуе зарадныя станцыі, суседняя Літва закупляе ёд, які распаўсюдзіць на блізкіх да АЭС тэрыторыях.

Літоўскае мястэчка Міцкунай з маляўнічым возерам – за 18 км ад беларускай мяжы. Праз 22 км направа – рыхтуецца да старту беларуская атамная станцыя. З гэтай нагоды ўрад Літвы забяспечыць мясцовых жыхароў пігулкамі ёдзістага калію.

«Калі своечасова ўжыць гэты прэпарат, то рызыка захварэць на ракавыя захворванні крыві і шчытападобнай залозы змяншаецца», – кажа віцэ-міністр аховы здароўя Літвы Альгірдас Шэшэльгіс.

Рэпартаж Юліі Цяльпук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 чэрвеня

Праз арганізацыі самакіравання і паліклінікі чатыры мільёны пігулак атрымаюць усе жыхары літоўскай тэрыторыі за трыццаць кіламетраў ад станцыі.

І вось, што жыхары Міцкунаю распавялі нам на камеру:

«Мы ўсе выдатна памятаем Чарнобыль. Нездарма цяпер будуць раздаваць гэтыя ёдавыя пігулкі. Гэта значыць Фукусіма, Чарнобыль і гэтак далей. Нашая Ігналіна таксама была «ня вельмі».

«Вазьму на ўсялякі пажарны. Канешне не хацеў бы браць, але трэба. Калі ўсім раздаюць, значыць нешта можа здарыцца».

«Няхай нашую Ігналінскую адчыняць і тады дадуць таблетак. Тады прынамсі будзем менш за электрычнасць плаціць».

Атамную станцыю ў Ігналіне паступова выводзяць з эксплуатацыі ў межах стратэгіі бяспекі Еўразвязу. На будаўніцтва беларускай АЭС Літва не мела ўплыву.

«Калі і 10 і 20 асобаў будуць крычаць, што не трэба гэтай станцыі, гэта ж не дапаможа. Ім жа таксама трэба энергію мець, святло. Можа і з намі падзеляцца», – кажа «Белсату» адзін з жыхароў літоўскага памежжа.

Вільня адмовілася набываць беларускую атамную энергію і нават не дазволіць яе транзіту. Шырокае будзе толькі інфармаванне, што рабіць у выпадку радыяцыйнага забруджвання.

«24 да пачатку праменявання і на працягу 2 гадзінаў пасля выкіду радыяцыі», – дадае Альгірдас Шэшэльгіс.

На радзіме нуклеарнага прадпрыемства пігулак не раздаюць, пераконваючы ў абсалютнай бяспечнасці праекту. Першы энергаблок запрацуе ўжо ў снежні. Другі – налета. У Літве ж, апроч ёдавай страхоўкі, усталёўваюць прылады дзеля вымярэння ўзроўню радыяцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»