Літоўская контрвыведка: расейскія спецслужбы выкарыстоўваюць Беларусь для дзеянняў супраць Захаду


Беларускія спецслужбы – не самастойныя, яны дзейнічаюць на загад Крамля. Расейскія ж у нашай краіне пачуваюцца як удома: вярбуюць грамадзянаў Літвы ў Беларусі. Пра гэта «Белсату» заявілі прадстаўнікі Камітэту нацыянальнай бяспекі ды абароны Сейму Літвы. Больш не карысных для нашай краіны звестак літоўцы змясцілі ў адмысловы дакладзе, факты з якога беларускі бок адрынае. Падрабязней Аляксандр Папко.

Расейскія вайскоўцы і спецслужбы выкарыстоўваюць Беларусь як плацдарм для дзеянняў супраць Захаду – гаворыцца ў дакладзе Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі Літвы. На такую ацэнку ўласнай незалежнасці Менск адказаў эмацыйна. Андрэй Шупляк, упраўленне інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС:

«Беспадстаўныя, занадта эмацыйныя ацэнкі, замена доказаў, заснаваных на фактах, гучнымі фразамі абразлівага сэнсу, падобна, даўно ўжо сталі фірмовым знакам асобных літоўскіх палітыкаў. […] Пагроза суседзям ніколі не будзе зыходзіць з тэрыторыі Беларусі. Заклікаем палітыкаў у Літве прыцішыць ваяўнічы запал і «узяць на ўзбраенне» больш міралюбівы тон».

Балюча, калі гавораць праўду, – адказваюць на рэпліку беларускіх дыпламатаў чальцы парламенту Літвы. Свае спецслужбы яны называюць вельмі прафесійнымі.

«Мы кажам праўду. Мы кажам факты, якіх беларускі народ можа не ведаць, але таму, што Лукашэнка скажае рэальнасць. А рэальнасць такая, што ўсё большая частка краіны з кожным годам аддаецца Расеі», – кажа Жыгімантас Павілёніс, камітэт замежных стасункаў Сейму.

Літоўскія контрвыведнікі наўпрост сцвярджаюць, што расейскія спецслужбы адчуваюць сябе ў Беларусі як удома. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, даклад «Пагрозы нацыянальнай бяспецы»:

«Беларускія спецслужбы выконваюць задачы расейскіх спецслужбаў і забяспечваюць падтрыманне іх дзейнасці ў Беларусі. На беларускай тэрыторыі расейскія спецслужбы свабодна вярбуюць грамадзянаў заходніх краінаў. […] Расейскія і беларускія спецслужбы не раўнапраўныя партнёры, бо расейцы дыктуюць свае ўмовы беларускім калегам».

Літоўскім спецслужбам вядомыя факты вярбоўкі літоўскіх грамадзянаў у Беларусі – пацвердзіў сябра Камітэту нацыянальнай бяспекі ды абароны Сейму. Праўда, колькасць такіх выпадкаў назваць адмовіўся.

«Каго трэба вербаваць – той чалавек не можа быць спакойны і за межамі Літвы. У любой краіне, дзе ёсць магчымасці, працэс вярбоўкі можа быць працягнуты», – гаворыць Арвідас Анушаўскас, камітэт нацыянальнай бяспекі ды абароны Сейму.

Спецслужбы Літвы перабольшваюць залежнасць менскіх сілавікоў ад Расеі – мяркуюць беларускія аналітыкі. Андрэй Елісееў, даследчыцкі цэнтр «EAST»:

«Мабыць, словы «свабодна вербаваць» – гэта перабольшванне, але думаю, што такая вярбоўка – даволі звычайная справа. Яна калі не «спакойная», то даволі простая, калі ўлічыць, што ў нас свабода перамяшчэння і што Беларусь – гэта галоўны вайскова-палітычны саюзнік Расеі».

І гэтай свабодай перамяшчэння расейскія спецслужбы скарысталіся ў жніўні 2017 года. Тады з Гомля выкралі маладога ўкраінца Паўла Грыба. Неэфектыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы, крэдыты, вайсковыя дамовы здаўна трымаюць Беларусь у залежнасці ад Крамля – лічаць літоўскія аналітыкі. Нядаўна з’явіўся яшчэ адзін ланцуг. Арвідас Анушаўскас, камітэт нацыянальнай бяспекі ды абароны Сейму:

«Пытанне, звязанае з Астравецкаю электрастанцыяй, стварае такія ўмовы, якія ўзмацняюць залежнасць Беларусі ад Расеі».

Яшчэ 10 гадоў таму Літва была для афіцыйнага Менску «акном у Еўропу». Вільня стала адною з дзвюх еўрапейскіх сталіцаў, якую Лукашэнка наведаў, калі з яго ўпершыню знялі санкцыі Еўразвязу. Але ўсё памянялі дзве падзеі. Андрэй Елісееў, даследчыцкі цэнтр «EAST»:

«Літва лічыць пагрозаю ўсё больш нахабную мілітарысцкую палітыку Расеі. І, разглядаючы Беларусь як асноўнага вайсковага саюзніка Расеі, Літва становіцца ўсё больш крытычнаю. Ну і, вядома, фактар атамнай электрастанцыі».

На думку эксперта, даклад літоўскай выведкі – гэта не толькі заклік да NATO узмацніць сваю прысутнасць ды помста Менску за будаўніцтва беларускай АЭС. Нават улады Беларусі прызнаюць, што Крэмль узмацняе свае інфармацыйныя і выведкавыя аперацыі ў Беларусі.

Аляксандр Папко, belsat.eu