«Лісты шчасця» ад падатковай


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=2CZc54Q0uQc”][vc_column_text]Вы законапаслухмяны грамадзянін Беларусі, афіцыйна працуеце і плаціце падаткі – і на гэтым абавязкі перад дзяржаваю скончыліся? Не! Падатковая лічыць, што няблага было б сцягнуць з вас грошы яшчэ і быццам за «дармаедства».

«Атрымала ліст, дзе я адразу прачытала: »Падатак аб папярэджанні ўтрыманства«. Вось такая фармулёўка была», – кажа трэнерка каратэ Любоў Дзядзінкіна.

І гэта пры тым, што Любоў Дзядзінкіна афіцыйна працуе трэнеркаю каратэ ў Менску. Але зарэгістраваная ў Віцебску. Куды і прыйшоў гэтак званы «ліст шчасця» ад падатковай з патрабаваннем аплаціць 303 беларускія рублі.

«Для мяне не зразумела: я працую, і не важна на якую я стаўку працую. Я працую! Я плачу падаткі! Чаму я павінна плаціць? Пры гэтым мяне не шукалі ў Менску, а выслалі ў Віцебск. Дзе я так разумею не напісана, працую я ці не», – скардзіцца Дзядзінкіна.

Паводле кіраўніка праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Волчака, Любоў Дзядзінкіна далёка не адзіная, з каго незаконна хочуць спагнаць падатак на «дармаедства».

«Апошнія тры дні гэта як цунамі. Можаце сабе ўявіць, што такога абʼёму зваротаў у мяне не было нават за год», – кажа кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Адметна, што пасля шквалу абурэння з боку беларусаў датычна дэкрэту Лукашэнка два тыдні таму звярнуўся да любімай схемы: добры цар, дрэнныя баяры. Ён запатрабаваў ад чыноўнікаў перастаць рассылаць беларусам «лісты шчасця» і збіраць з іх штрафы за «дармаедства», пакуль адпаведныя органы не разбяруцца ў правільнасці дзеяння закону. І менавіта пасля гэтага закліку ў разы ўзрасла хваля лістоў з патрабаваннямі тэрмінова аплаціць падатак.

«У асноўным гэта датычыць слабаабароненыя слаі насельніцтва. Маці, якія вядуць гаспадарку, інваліды, якія афіцыйна не атрымалі інваліднасць, але не могуць уладкавацца з прычыны хваробы сваёй. А таксама маладыя студэнты, якія скончылі вучобу ў 2015 годзе, але не здолелі ўладкавацца, яны таксама трапілі пад дзеянне дэкрэту», – кажа Волчак.

Апытаныя намі жыхары Менску маюць свае канкрэтныя прыклады.

Жыхары Менску пра «лісты шчасця»

– «Я цяпер таксама без працы. Я спрабую працаваць, неяк карміць сваю сямʼю, бо ў мяне і дзеці ёсць. А працы няма. І на біржу працы ідзеш, а там няма вакансіяў»

– «Як можа чалавек штосьці плаціць, калі ён і так беспрацоўны. Дзе яму ўзяць грошы?»

Апавяшчэнні з патрабаваннем аплаціць падатак за «дармаедства» атрымалі і тыя, хто шмат гадоў жыве за межамі Беларусі ці нават ужо мае грамадзянства іншых краінаў. І цяпер вымушаныя апраўдвацца перад падатковаю ранейшага месца жыхарства, што не карысталіся дабротамі Беларусі. А, здараецца, што апраўданні трэба шукаць і ў выпадку, калі ўжо аплаціў падатак.

«Мой знаёмы, ён вольны мастак, піша карціны, часам зарабляе дзякуючы выставам. І ён атрымаў гэты ліст, ён аплаціў гэты падатак. І ў выніку яго выклікалі ў падаткаваю, каб ён патлумачыў адкуль узяў грошы на аплату падатку», – распавядае жыхарка Менску.

Цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву», падсумаваўшы ўсе недапрацоўкі дэкрэту, звярнуўся да кіраўніка краіны і прэмʼера з заклікам прыпыніць дзеянне закону. Каб па-першае, навесці парадак у базе звестак, а, па-другое, дачакацца заканчэння эканамічнага крызісу ў Беларусі, падчас якога людзі не толькі не па сваёй волі месяцамі сядзяць без працы, але мусяць за гэта яшчэ і заплаціць.

Юрый Салодкі, «Белсат»