Лідзія Ярмошына прапанавала вярнуць мясцовае самакіраванне


У Еўропе – мэры гарадоў, у нас – старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання. Ці заява галавы ЦВК – прадвеснік пераменаў?

Распусціць сельскія і пасялковыя саветы, а пасады кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў зрабіць выбарнымі прапанавала старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў эфіры каналу СТВ. Таксама яна заявіла, што ў перспектыве не супраць паглядзець і на выбарнае кіраўніцтва гарадоў ды раёнаў.

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Дэцэнтралізацыя ў Беларусі запатрабаваная і з боку грамадзянаў: як паказваюць розныя даследаванні, яны б жадалі бачыць выбарных кіраўнікоў мясцовай улады. А з іншага боку міжнародныя актары патрабуюць пэўнай дэцэнтралізацыі, фінансуючы праграмы ў Беларусі. І ўвогуле падвышэнне кампетэнцыяў мясцовых уладаў у развязанні лакальных праблемаў – дастаткова разумны крок».

Неаднаразова крытыкаваў улады ў рэгіёнах за карупцыю і нізкі ўзровень рашэнняў і кіраўнік краіны, а часам наракаў на няздольнасць чыноўнікаў выканаць ягоныя загады.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»:

«Тое, што мясцовая ўлада не выбарная, і тое, што яна не залежыць ад людзей, накладае адбітак на іхныя паводзіны. Можна колькі заўгодна хадзіць на прыёмы да чыноўнікаў, збіраць подпісы, пісаць калектыўныя скаргі, але яны ведаюць, што яны абароненыя вышэйшым кіраўніцтвам. І ўсё гэта прыводзіць да адчування беспакаранасці і безадказнасці перад людзьмі».

А ці хацелі б вы абіраць мясцовую ўладу? З пытаннем мы звярнуліся да жыхароў Магілёва:

«Вы ж ведаеце, што выбіраем мы шмат якіх людзей. А змяняецца ў нас штосьці да лепшага?»

«Было б больш справядліва, каб людзі самі выбіралі таго, хто ім можа прынесці карысць».

«Мне здаецца, што было б лепей менавіта так, калі б нам не прызначалі, а калі б мы самі абіралі: маглі і выставіць кандыдатаў, і потым галасаваннем абраць».

Але, паводле дырэктара Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава, кіраўніцтва Беларусі зменаў не дапусціць, бо гэта будзе азначаць страту кантролю над палітычнаю сітуацыяй у краіне:

«Лукашэнкаўская сістэма, выбудоўваючы вертыкаль улады, зліквідавала значную ступень самастойнасці мясцовых органаў. Пазбавіла іх кампетэнцыяў, зрабіла цалкам фіктыўнымі мясцовыя саветы, стварыла вертыкаль гэтых саветаў, якія падпарадкаваныя Савету Рэспублікі, панізіла іх статус і магчымасці ўплыву на рэальнае прыняцце рашэнняў, а ўсе выканкамы былі падпарадкаваныя вертыкалі ўлады».

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»:

«Трэба падыходзіць комплексна. Праводзіць адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, натуральна, даваць людзям права выбару сваіх прадстаўнікоў, уводзіць рэальную сістэму самакіравання».

Выходзіць патавая сітуацыя – залішняя дэцэнтралізацыя шкодзіць якасці дзяржаўнага кіравання і плодзіць карупцыю, а любое палітычнае разняволенне пагражае стабільнасці рэжыму.

Але ці варта чакаць пазітыўных зрухаў? Нават калі ўявіць сабе, што ўлады сапраўды зробяць выбарным мясцовае кіраўніцтва на розных узроўнях, дзе гарантыя, што абяруць тыя, хто галасуе, а не тыя, хто лічыць галасы?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu