Лідзія Ярмошына не прызнае парушэнняў


Лідзія Ярмошына можа быць задаволеная. Яшчэ ў абед яе падначаленыя абвесцілі яўку ў 55,47 % выбарцаў. Больш за траціну грамадзянаў прагаласавала датэрмінова 35,77 %. Старшыня Цэнтрвыбаркаму абяцала жорстка спыняць правакацыі на ўчастках, каб ніхто не змог пакрыўдзіць «нашыя ўчастковыя камісіі»:

«Камісіі, часам здараецца, намагаюцца зменшыць колькасць назіральнікаў, прыдзіраюцца да таго, што пратаколы не так аформленыя, пячаткі не так стаяць, хоць яны не патрэбныя. Самыя розныя тэхнічныя прэтэнзіі. А ў гэтым годзе нічога падобнага няма».

І тут жа яе намеснік Вадзім Іпатаў паведаміў, што ў Бабруйску пазбавілі акрэдытацыі 35 назіральнікаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі з-за няправільна аформленых дакументаў – пратаколу партыі аб накіраванні назіральнікаў.

У Менску з участку № 409 у школе № 151 выгналі назіральніка, які зафіксаваў выбарчыя каруселі – шматразовае галасаванне, і падробку пратаколаў.

«За апошнія 5 дзён прагаласавала прыкладна 345, а паводле пратаколу, за які таксама мне далі папярэджанне, 513 чалавек прагаласавала па іх звестках», – распавёў «Белсату» Ігар Лабкоў, назіральнік участку № 409, пазбаўлены акрэдытацыі.

«Ён ажыццяўляў відэаздымкі. Гэта не забаронена, але ён мусіў атрымаць хаця б вусны дазвол старшыні выбарчай камісіі», – абуралася намесніца старшыні выбарчай камісіі ўчастку №409 Эла Багданава.

Тое самае і з назіральнікамі ў менскай школе № 178 – участак № 561.

«Здымаў на свой тэлефон пратаколы, зняў скрыню, а больш нічога не дазволілі, акрамя скрыні, і тое здалёк», – тлумачыць прычыны назіральнік участку № 561 Віктар Кавалькоў.

«Мяне абмежавалі ў канстытуцыйным праве здымаць пратакол. Трымаў асадку – мяне абвінавацілі, што асадка – шпіёнская прылада», – распавядае ягоны калега-назіральнік Яраслаў Науменка.

Замежных шпіёнаў знайшлі ў Гомлі – старшыня ўчастку №15 спрабаваў выгнаць беларускамоўную журналістку, бо пачуў «польскі акцэнт». Правакацыяй Цэнтрвыбаркам назваў і эксперымент паліттэхнолага Аліны Нагорнай, якая прагаласавала ў Слуцку і Рагачове паводле сталай і часовай рэгістрацыі – значыць, так маглі галасаваць і іншыя.

Кампанія назірання «Права выбару» у справаздачы адзначыла масавы прымус да датэрміновага галасавання, наўпроставыя фальсіфікацыі колькасці тых, хто прагаласаваў, неадпаведнае захоўванне скрыняў і агрэсіўнае стаўленне кіраўніцтва камісіяў да незалежных назіральнікаў.

«У Беларусі сёння выбараў адпаведна стандартаў АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрапейскі звяз – канешне няма», – мяркуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання Ганна Канапацкая.

Кіраўніца назіральнай місіі АБСЕ Корын Ёнкер заявіла, што ўсе звесткі аб укідванні бюлетэняў будуць сабраныя, а першыя высновы яны прадставяць заўтра.

Яраслаў Сцешык belsat.eu