«Лідскае піва» правяло ў Менску дыктоўку на беларускай мове


ААТ «Лідскае піва» імкнецца падтрымаць ужыванне беларускай мовы: кампанія ў Нацыянальнай бібліятэцы зладзіла «Агульную дыктоўку».

Тэкст дыктоўкі выбралі невыпадковы – урывак з кнігі Міхаіла Валодзіна «Менскія гісторыйкі», бо дыктоўка прымеркаваная да 950-годдзя Менску.

Удзельнікаў дыктоўкі, якія атрымаюць найвышэйшыя балы, чакаюць адмысловыя прызы ад арганізатараў. Але, падобна, для шмат каго ўдзел у падобнай імпрэзе – ужо падарунак.

«Я вырашыла, што трэба нейкі такі крок зрабіць, каб пачаць размаўляць па-беларуску і гэтае мерапрыемства будзе для мяне такім крокам», – кажа ўдзельніца дыктоўкі.

Іншы ўдзельнік распавядае, чаму яго зацікавіла такая ініцыятыва:

«Я заўсёды размаўляю па-беларуску, але вырашыў прыйсці, бо цікава менавіта ў такім фармаце».

Як прызнаюцца ў кампаніі, сённяшняя дыктоўка – гэта і для іх чарговы крок да поўнага пераходу на беларускую мову.

«Мы правялі даследаванне і спыталіся, ці будзе зручна, ці будуць успрымаць нашую прадукцыю з беларускамоўнай камунікацыяй, сустрэлі вялікае паразуменне і задавальненне», – адзначае менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва» Наталля Яфімкіна.

Першая дыктоўка, зладжаная «Лідскім півам», адбылася ў Менску, наступныя кампанія хоча зладзіць і ў рэгіёнах.

«Дапамагаць, натхняць на тое, каб карыстацца беларускай мовай, пашыраць яе ўжыванне – гэта нашая мэта як старэйшага дзеяча беларускіх бровараў. Таму мы будзем працягваць, працягваць і працягваць!» – кажа Наталля Яфімкіна.

Кампанія шукае спажыўца, робячы важную для краіны справу, спажывец жа выбірае прадукт, ацаніўшы яго якасць і прывабную падачу на роднай мове.