Лідары пратэстаў пад ціскам


Меліся выпусціць, але зноў накіравалі ў ізалятар. Пасля дзесяцідзённага арышту сябрам прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вользе Кавальковай і Сяргею Дылеўскаму прысудзілі яшчэ па 15 содняў зняволення. Афіцыйная фармулёўка – удзел у акцыі пратэсту без дазволу Менгарвыканкаму.

«Хацелася б, каб актыўней бралі ўдзел завадчане, бо ў іх – галоўны рычаг усёй гэтай катавасіі, што адбываецца з нашымі лідарамі, не толькі з Вольгай Аляксандраўнай. Старшыні стачкамаў, усіх рангаў, усіх заводаў», – мяркуе Аляксандр Кавалькоў, бацька Вольгі Кавальковай.

«Адмыслова прывалакла з раніцы дзіця з надзеяй, што сын хоць бы некалькі хвілін бацьку пабачыць. А мы прыязджаем і даведваемся, што ён нават на секунду да нас не выйдзе. Што я яго не ўбачу. Не пачую», – кажа Ірына, жонка Сяргея Дылеўскага.

У дачыненні да іншай сябры Каардынацыйнай рады, юрысткі і медыятаркі Ліліі Уласавай, распачалі крымінальную справу за нібыта ўхіленне ад аплаты падаткаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў затрымаў жанчыну 31 жніўня. Да таго ж іншых прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады выклікаюць на допыты штодня.

«Тое, што ўлады пачалі так ад самага пачатку рэагаваць, паказвае, што яны баяцца Каардынацыйнае рады і хочуць замарудзіць і прыпыніць дзейнасць гэтага органу», – распавёў прэс-сакратар Каардынацыйнае рады Антон Раднякоў.

Пакаранне адміністратыўным арыштам на тыдзень зазнаў таксама ілюстратар і карыкатурыст Андрэй Янковіч. Ён загрыміраваўся пад Лукашэнку ды выйшаў на вуліцы Горадні з плакатам «Прэзідэнт ненастаяшчы». Іншыя гарадзенцы – музыкі Алесь Дзянісаў і Ігар Банцэр, таксама зазнаўшы рэпрэсіі, цяпер вярнуліся дадому.

«Тое, што ўзялі толькі нас, агучылі на судзе, маім судзе ды іншых хлопцаў. Што мы вылучаліся з агульнага натоўпу, што ў нас было чорнае адзенне. Мы лозунгаў не крычалі, не трымалі палітычных транспарантаў», – кажа музыка Ігар Банцар.

Музыка Ігар Банцар за ўдзел у пратэсце адбыў 10 содняў арышту. Ягоны калега – фронтмэн гурта «Дзецюкі» Алесь Дзянісаў – выпісаўся са шпіталю пасля збіцця сілавікамі. Яго затрымалі падчас паездкі на ровары, калі пратэсту не было.

«Быў удар у пах, наступствы былі, тое, што я патрапіў у шпіталь, 5 дзён мяне там капалі. Дзякуй нашым дактарам вялікі за тое, што мяне паставілі на ногі», – распавёў Алесь Дзянісаў з гурту «Дзецюкі».

Дабрачынная ініцыятыва BY HELP сабрала каля трох мільёнаў долараў дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў. Неўзабаве яе каардынатар Аляксей Лявончык атрымаў запрашэнне на размову ад незнаёмца – маўляў, іначай – прыкладзе намаганні, каб пазбавіць яго віду на жыхарства ў Польшчы, якога ў Аляксея няма.

«Гэта стандартны плэйбук, стандартная кніжачка, паводле якой гуляюцца, і я сумняюся, што можна яшчэ нешта выдумаць. Натуральна, ніхто не будзе бегаць, асабліва пасля апошніх падзеяў, і пазбаўляць беларускіх актывістаў. Я думаю, гэта будзе паўтарацца, думаю, што іншыя актывісты будуць атрымліваць падобныя званкі», – распавёў каардынатар ініцыятывы BY HELP Аляксей Лявончык.

Соднямі арышту пакаралі і шараговых актывістаў. Сярод іх – блогерка Алена Янушкоўская з Віцебску. Бліжэйшыя 10 содняў яна правядзе ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.

Юлія Лабанава, «Белсат»