Лідар незалежнага прафсаюзу – пра хвалю смерцяў на прадпрыемствах: «Гэта віна дзейнай улады»


Палова на сёмую ранку, прадпрыемства «Фрунзэ-Агра» ў вёсцы Ганчароўка, Рэчыцкі раён. 30-гадовы жывёлавод Уладзімір Куркаёў прыйшоў на працу. Як аказалася, апошні раз. Мужчыну зацягнула прыкладна ў такі кормараздатнік. Трактарыст, што быў за стырном, чалавека не заўважыў. Даярка пачула крык. З тэрыторыі прадпрыемства цела вывезлі следчыя.

На прадпрыемстве цвердзяць, што жывёлавод прыйшоў нападпітку

«Ён быў адхілены ад працы з прычыны пахуса рта і шаткай паходкі заведуючай фермы. Мы вядзем свае расследаванне, як ён трапіў у кормараздатнік », – даводзіць старшыня прафсаюзнага камітэту Лілія Іванчыкава.

За апошні час у Рэчыцкім раёне гэта ўжо другая смерць на працоўным месцы. Уначы з чацвярга на пятніцу на 56-гадовага ахоўніка «Рэчыцадрэву» ўпалі драўняна-стружкавыя пліты.

Хто мае несці адказнасць?

«Кіраўніцтва прадпрыемства, хто ж яшчэ. Ну і сам чалавек мусіць думаць галавой».

«Непасрэдны кіраўнік, хто дапусціў чалавека на працу. Майстар, старэйшы майстар.. Ну і сам чалавек мусіць берагчы сябе».

«Самыя людзі ў першую чаргу мусяць забяспечваць тэхніку бяспекі».

– выказаліся мясцовыя.

Старшыня ж Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук перакананы: за тое, што нецвярозы працаўнік трапіў у жорнавы машыны, мусіць адказаць кіраўніцтва.

«Кормараздатчык – абʼект павышанай рызыкі. Калі яго кашулю захапіла – больш ніякіх пытанняў не ўзнікае. Вінаватыя ад пачатку да канца тыя людзі, якія адказвалі за тое каб пʼяных не было на вытворчасці і захоўвалі ўсе правілы бяспекі працы», – мяркуе спадар Ярашук.

Статыстыку трагічных здарэнняў сёлета распачала смерць шахцёра на «Беларуськаліі». Летась на гэтым прадпрыемстве загінулі прынамсі чацвёра.

Жалобны рэкорд мінулага года паставіла Астравецкая АЭС: праз няшчасныя выпадкі там загінулі як мінімум 9 чалавек. Пры гэтым кіраўніцтва станцыі хавала звесткі, інфармацыя прасачылася ад працаўнікоў. І праз гэта падазрона выглядае станоўчая статыстыка па ўсёй Беларусі.

Паводле яе, лік загінулых на вытворчасці памяншаецца. Калі яшчэ ў 2010-м, адпаведна са звесткамі Белстату, на працы загінулі амаль 200 чалавек (198), то ў 2015-м паказнік зменшыўся да 72-х.

Аляксандр Ярашук падкрэслівае, што за апошнія дзесяцігоддзі вытворчасць заняпала: абсталяванне, асноўныя фонды і фізічна, і маральна састарэлі ды сталі больш небяспечныя.

«Мы гэта ставім у віну дзейснай палітычнай уладзе, сістэме, таму што яна і штурхае кіраўнікоў каб прыхоўваць выпадкі парушэнняў правіл бяспекі працы і адпісваць гэтыя выпадкі».

Колькасць пацярпелых на працы нават паводле афіцыйных лічбаў у 2015-м склала паўтары тысячы чалавек. І гэта яскравае сведчанне: старое абсталяванне і замоўчванне відавочных праблемаў на прадпрыемствах бʼе не толькі па прыбытках эканомікі, але і наўпрост па людзях.

Марына Вашкевіч, «Белсат»