Аб'ектыў 22.11.2017 Хто стаіць за кіраўніцтвам лідскага рынку, якое сёмы год цягне з іпэшнікаў грошы


Ліда. Будаўнічы рынак. Сюды нас выклікалі прадпрымальнікі, каб мы распавялі пра іх праблемы. Але адміністрацыя рынку адпаведна выклікала міліцыю, каб нас з гэтага рынку выставілі. Запужванне – асноўная тактыка ўладальнікаў рынку па залагоджванні канфліктаў, кажуць прадпрымальнікі. Шмат хто баіцца згубіць працу, таму просяць зрабіць сюжэт, але выказвацца на камеру адмаўляюцца. Іншыя ж кажуць, што больш не могуць трываць.

Прадпрымальнікі звярталіся да раённых чыноўнікаў, у аблвыканкам, у адміністрацыю прэзідэнта, цяпер збіраюць подпісы пад чарговым калектыўным зваротам да кіраўніка краіны.

Праблема цягнецца ўжо 7 гадоў

Прадпрымальнікі вымушаны плаціць рынку каля Br 130 за 15 кв. м. – на месяц. Сума вялікая, бо ў арэнду ўлучаныя ралеты, якія, аднак, набываліся за кошт прадпрымальнікаў. Уласнікі паказваюць таварныя накладныя на ралеты, але гэта не дапамагае.

У дакументах на аплату ралеты не фігуруюць. Указваецца, што грошы здымаюцца за гандлёвае месца. Уласнікі рынку тлумачаць, што гэта аплата за зямлю пад ралетам. Заканадаўства ж трактуе «гандлёвае месца» як «абсталяванае месца на рынку», а гэта і ёсць ралет, за гэта і распрацаваныя вялікія тарыфы.

«686-ая пастанова Савета міністраў кажа пра тое, што гандлёвыя месцы павінны абсталяваць уладальнікі рынкаў. У нас атрымалася інакш, мы ўдзельнічалі ў абсталяванні гандлёвых месцаў. Інфраструктуру стварала РайПО ці Лідскі філіял цяпер ужо, а ралеты гэта нашыя. У той жа час мы чамусьці павінны плаціць за ўсё», – абураецца прадпрымальнік Валерый Лабунскі.

Адміністрацыя стварае невыносныя ўмовы, цісне псіхалагічна і грашова

Шмат хто не вытрымаў, таму цяпер тут шмат пустых месцаў. Па тлумачэнні мы звярнуліся да інспектара рынку. Аднак, Ігар Кухарэвіч паведаміў, што нічога тлумачыць не будзе, бо «Белсат» здымае «без дазволу». Каментаваць адмовіліся і ў адміністрацыі рынку.

Застаецца спадзявацца, што кіраўнікі рынку, да якіх увесь час звяртаюцца прадпрымальнікі ды перанакіроўваюць скаргі чыноўнікі, пабачаць сюжэт і нарэшце пачнуць валодаць інфармацыяй ды развязваць праблемы, за якія яны нясуць адказнасць.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары