Аб'ектыў 28.03.2018 Лічбавая эканоміка ці лічбавая дыктатура Лукашэнкі?


Гэта адбылося! Цяпер беларусы могуць легальна майніць біткойны ў сябе дома, а ў Парку высокіх тэхналогіяў – гандляваць апцыёнамі і распрацоўваць штучны інтэлект і дапоўненую рэчаіснасць.

Ці варта радавацца?

Дэкрэт №8 працягвае адмысловы прававы рэжым для ПВТ – Парку высокіх тэхналогіяў ажно да 2049 года. Таксама пашыраецца пералік відаў дзейнасці кампаніяў-рэзідэнтаў ПВТ, спрашчаюцца працэдуры замежнага ІТ-гандлю і найму замежных спецыялістаў. Дэкрэт рэгулюе і выкарыстанне тэхналогіі блокчэйн і лічбавых знакаў токенаў. ІТ-рынак адрэагаваў станоўча, але асцярожна. Хоць дзяржава за апошнія 10 гадоў і не чапала абяцаныя ільготы рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогіяў, у Беларусі па-ранейшаму непразрыстае заканадаўства і залежная судовая сістэма – нават для айтышнікаў.

«Напрыклад, арышт ІТ-бізнесоўца Віктара Пракапені з незразумелых прычынаў, потым з такіх жа незразумелых прычынаў ягонае вызваленне, уся гэтая непразрыстасць выклікае насцярожанасць як у мясцовых, так і замежных інвестараў», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Віктар Пракапеня – той самы былы арыштант

Ён цяпер актыўна супрацоўнічае з уладамі і дэманструе Аляксандру Лукашэнку перспектывы развіцця інфармацыйнай галіны. Перспектывы настолькі бліскучыя, што кіраўнік Беларусі задумаўся пра стварэнне новага міністэрства.

Заява выклікала ў ІТ-сферы трывогу – што новае міністэрства пачне ўзмацняць кантроль над тым жа Паркам высокіх тэхналогіяў ці праводзіць рэйды ручнога кіравання, і спадзевы – што з’явіцца дзяржаўная ўстанова, здольная падцягнуць усе астатнія міністэрствы да сучаснасці. Агулам ні сам ПВТ з падатковымі ільготамі, ні дэкрэт №8 не зробяць эканамічнага цуду, калі ўсё астатняе будзе заціснутае і зачышчанае.

«Варта было б падумаць пра сістэмную лібералізацыю эканомікі. Не асобныя прэферэнцыі ў рамках рэзервацыі ПВТ, а пра сістэмны падыход, змену рэгуляцыяў ва ўсіх галінах эканомікі», – кажа IT-кансультант Глеб Рубанаў.

А калі казаць пра свабоду і дэмакратыю?

Высокія тэхналогіі іх не гарантуюць. Сучаснае грамадства, наскрозь прасякнутае сістэмамі кантролю, назірання, мабільнымі прыладамі і сацыяльнымі сеткамі, дае дыктатурам магчымасці большага кантролю грамадзянаў.

«Нельга казаць, што ПВТ быў створаны, каб дзяржава кантралявала лічбавае жыццё грамадзянаў, але тое, што дзяржава ад лічбавага кантролю ў баку не застанецца, і будзе ў гэтай галіне супрацоўнічаць з паспяховымі нашымі ІТ-кампаніямі, у гэтым сумневаў практычна няма», – даводзіць спадар Рубанаў.

Свежы прыклад – падчас святкавання Дня Волі спецслужбы ўжылі сродкі радыёэлектроннай барацьбы для перахопу аператарскіх дронаў, кіраваных па радыёсувязі. Па сутнасці, скралі ў журналістаў 10 беспілотнікаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Leonhard Foeger / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары