«Лесвіцу мыюць з верху да нізу». Рэпартаж з праймерыз апазіцыі ў Віцебску і Наваполацку


Удзельнікі праймерыз у Віцебску 7 сакавіка 2020 года. Фота – прэсавая служба БХД

Падчас народнага галасавання ў абодвух гарадах перамог сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Паводле палітыка, праймерыз – «не проста выбар самага рашучага, а яднанне ўсёй апазіцыі». Наперадзе – сустрэчы ў Мёрах, Шаркаўшчыне і Паставах.

Абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі ў гатэлі «Лучоса» сабраліся больш за сотню чалавек.

«Народнае галасаванне дае нам магчымасць з’яднацца. Гэта не проста выбар самага прыгожага, самага разумнага ці самага рашучага. Гэта яднанне», – заявіў Павел Севярынец.

Да галасавання апазіцыйныя кандыдаты адказалі на пытанні віцяблянаў. Актывістаў цікавіла, як забяспечыць сумленны падлік галасоў на выбарах. Простых жыхароў непакоіла адукацыя, медыцына і працаўладкаванне.

«Людзі стаміліся ад таго, што 25 гадоў рэальна нічога не змяняецца. Яны хочуць нейкі інструмент атрымаць ці адказ, як гэта зрабіць. Але адзіны адказ можа быць такі: ні адна Вольга Кавалькова, ні адзін з тых, хто сёння тут прысутнічае, не можа гэта зрабіць без падтрымкі беларускага народу», – упэўненая сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Перамог на праймерыз у Віцебску Павел Севярынец.

Апроч Севярынца і Кавальковай у працэдуры ўдзельнічаюць таксама Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Аляксей Янукевіч.

«Гэтыя сустрэчы даюць магчымасць паразмаўляць з людзьмі, прыцягнуць іх увагу, прывесці на такія сходы не толькі актывістаў, бо мы бачым дастаткова шмат людзей. Сярод іх, напэўна, тыя, хто ўпершыню пабачыў прадстаўнікоў апазіцыі ў сваім горадзе», – мяркуе старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Тур па рэгіёнах кандыдаты на адзінага ад апазіцыі распачалі напярэдадні – у Гарадку Віцебскай вобласці.

Агулам плануюць праехаць 56 гарадоў, дзе мясцовыя жыхары змогуць прагаласаваць за свайго кандыдата.

«Мы гатовыя будзіць людзей, мы будзем ездзіць і па малых, і па сярэдніх, і па вялікіх гарадах. Будуць сустрэчы ў Менску бліжэйшым часам. Беларусь павінна падняцца, каб сказаць: «Лукашэнка, сыходзь!» – заклікаў Павел Севярынец.

Узяць удзел у сходах можа любы грамадзянін Беларусі, які мае права голасу. На рэгіянальных сустрэчах для гэтага дастаткова паказаць пашпарт.

«Праз тыдзень таксама пачнецца галасаванне праз інтэрнэт. Рыхтуецца зараз інтэрнэт-пляцоўка. І кожны жадаючы, той, хто не здолеў трапіць на гэтую сустрэчу, можа аддаць свой голас праз інтэрнэт і абраць альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку», – распавядае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Для інтэрнэт-галасавання прадугледжаная СМС-верыфікацыя. Аддаць свой голас праз сеціва можна будзе да першага траўня.

«Лесвіцу пачынаюць мыць з верху да нізу. Значыць, трэба мяняць верх. І тады ўсё астатняе атрымаецца нармальна», – гаворыць жыхарка Віцебску, якая прыйшла на галасаванне.

Пасля Віцебску праймерыз адбыліся ў Наваполацку, дзе таксама перамог Павел Севярынец. Наперадзе народныя галасаванні ў Мёрах, Шаркаўшчыне і Паставах.

Прозвішча адзінага ад апазіцыі кандыдата на прэзідэнцтва плануюць агучыць 31 траўня – на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Рэпартаж Анастасіі Русецкай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 7 сакавіка