Лепшыя рэцэпты ад праграмы «Белсату» «Я не буду гэта есці!»


«Я буду гэта есці!» – так называецца кніга, якую прэзентавала каманда «Белсату» разам з шэф-кухарамі Вольгай Прыгаравай і Аляксандрам Чыкілеўскім. Кніга – гэта збор найбольш цікавых рэцэптаў з праграмы «Я не буду гэтага есці», першы сезон якой выйшаў сёлета на нашым канале.

«Для мяне кулінарная кніжка – гэта агулам фетыш. Таму вельмі хацелася, каб яна была каляровая, прыгожая, заахвочвала да таго, каб гатаваць і эксперыментаваць. Мы адмыслова ўставілі ў кнігу пустыя старонкі, дзе можна зпісаць нават свае рэцэпты», – распавяла Аліна Коўшык, аўтарка ідэі і крэатыўны прадзюсар праграмы «Я не буду гэта есці!».

Праграма «Я не буду гэтага есці» выклікала сапраўдны фурор – дасюль ніхто яшчэ не рабіў падобных шоу. Самі стваральнікі называюць яго кулінарна-тэрапеўтычным: пераадоленне дзіцячых кулінарных жахаў праз спажыванне страваў, прыгатаваных знанымі майстрамі.

«Адзін з амерыканскіх экспертаў тэлебачання сказаў, што ён сочыць за ўсімі кулінарнымі фарматамі і ніколі не бачыў такой праграмы, як наша. То бок нашая праграма адметная фарматам – мы ідзем ад адваротнага», – працягнула Аліна Коўшык, аўтарка ідэі і крэатыўны прадзюсар праграмы «Я не буду гэта есці!».

«Я стараюся гатаваць стравы і браць тэхнікі беларускай кухні. У кнізе яны рэпрэзентаваныя, там дастаткова шмат страваў беларускай кухні. І мне хацелася б, каб кніг аб нашай нацыянальнай кухні выходзіла як мага больш», – кажа Аляксандр Чыкілеўскі, шэф-кухар, рэстаран «Літвіны».

«У мяне ёсць літоўскія кнігі, англійскія, набытыя ў Еўропе на барахолках, і яны сапраўды вартыя. Беларускіх аўтараў мала. Добрай літаратуры беларускай менавіта кулінарнай мала. Я б хацела верыць у тое, што нашая кніга дасць звычайнаму чалавеку, чытачу, карыстальніку новую інфармацыю і новы погляд на незвычайную ежу», – адзначыла Вольга Прыгарава, шэф-кухар.

Кніга «Я буду гэта есці!» не прадаецца – яе не знойдзеш на паліцах кніжных крамаў. Але яе змогуць атрымаць усе ахвотныя нашыя гледачы. Як? Глядзіце «Белсат» – мы хутка вам усё распавядзем.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»