«Лепш не пытайцеся». Што беларусы кажуць пра 2020?


Да гэтага гіпермаркету мы дабіраліся ўдвая даўжэй, чымся звычайна: Менск стаіць у корках. Здаецца, усе выправіліся па набыткі апошнім днём 2020-га. Што купляюць, пра што мараць і з якім настроем праводзяць год – запытаем у жыхароў і гасцей Менску.

«З цяжкім, таму што шмат было розных здарэнняў».

«Добры на Новы год. Заўсёды. – А што ты загадала, якіх падарункаў? – Набор юнага мастака».

«Мне ўсё роўна, што адбываецца. Будзе так – значыць, будзе так. Ёсць так – значыць, так. Абыякава да гэтага стаўлюся».

«Вы лепш не пытайцеся пра 20-ы год, не можаш дачакацца, калі ён скончыцца».

«Якое жыццё, такі і настрой. Жыццё не аптымістычнае, хваробы, немачы, не хапае грошай».

Рынак! Тут няма месца смутку, крызісам і пандэміі. Толькі навагодняя мітусня ды пакункі, поўныя падарункаў на розны густ.

«Купіла маладому чалавеку халат плюшавы, таму што вельмі холадна. Сабе купіла трохі ніжняй бялізны», – расказваюць беларусы.

«Працы зрабілася менш, а так новы год як новы год. Трацім столькі ж, зарабляем менш».

«Купіла пальчаткі, боцікі дачцэ. – А сабе? – А сабе нічога. Усё як заўсёды, мама абыдзецца. Я спадзяюся, што тата мяне адорыць на Новы год».

«Нічога нікому не дару, у мяне зусім грошай няма».

Так выглядае паркоўка аднаго з гандлёвых цэнтраў – носа не ўбіць. Здаецца, крызіс на рыхтаванне ды святаў не паўплываў.

«Адбіўся вельмі моцна. Рознае купляем, пераважна кітайскае. – А вы што купілі? – Дзіцяці форму спартыўную»

«Вельмі мала трацяць, я не ведаю, чаму».

«Купляюць каўбасу і паляндвіцу. І сала смачнае. Самае смачнае і карыснае, беларускае».

«Добра трацяць грошы, у людзей, відаць, крызісу няма».

«Чэк? Ну, 500 рублёў, гэта мінімум, напэўна».

Чэргі тут сёння проста вялізныя, чакаць давядзецца доўга. А пра якую падзею 2020-га згадваюць часцей за ўсё і чаго чакаюць у 2021-м?

«Самае негатыўнае – гэта адсутнасць паездак. А з чым мы ідзем у будучыню? З аптымізмам!»

«Доўгачаканых пераменаў! І, нарэшце, спакою».

«Галоўнай падзеяй у 2020-м сталіся пратэсты. Я лічу, што Беларусі вельмі патрэбныя перамены».

«Імкненне беларускага народу да дэмакратыі».

«Я б пажадала беларусам самыя ведаеце, чаго, не хачу казаць, а то не збудзецца».

«Каб Новы год быў шчаслівым і каб каронавірус сышоў».

Алена Дубовік, «Белсат»