«Лепей бы вярнулі тыя шапікі, якія былі». Менчукі патрабуюць прыбраць «Табакеркі»


«Табакеркі» – прэч са сталіцы! Амаль 1400 чалавек падпісалі адпаведны зварот у Менгарвыканкам і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на сайце petitions.by.

«У 2007 годзе Санэпідэмслужба прапанавала прыбраць усе кіёскі з прыпынкаў у Менску. Прычына – нездавальняльны стан блізкіх тэрыторыяў і тое, што «кіёскі псуюць выгляд гораду». (…) У 2019 годзе кіёскі вярнуліся. Толькі ў выглядзе манаполіі: усе яны належаць Аляксею Алексіну і ягонай кампаніі «Энерга-Ойл», – адзначаецца ў звароце.

Аўтар петыцыі блогер і гарадскі актывіст Антон Матолька патрабуе дэмантажу кіёскаў або правядзення ў гэтым пытанні мясцовага рэферэндуму.

Аб’ектыў
Дазволіць больш «Табакерак», каб скараціць паленне цыгарэтаў?
2019.05.16 22:49

А вось сярод сустрэтых намі мінакоў стаўленне да «Табакерак» не такое ўжо і адназначнае:

«Я катэгарычна супраць устаноўкі кіёскаў «Табакерка», бо паленне – гэта вельмі дрэнна».

«Ніхто нікога не прымушае паліць. Калі я не хачу, я не буду купляць».

«Я не супраць. Я малады, мне як бы так».

«Мне не падабаецца. Чым менш цыгарэтаў, тым лепш».

«Мне падаецца, што павінныя табакеркі адкрывацца толькі ў тых месцах, якія адведзеныя пад паленне».

«Наконт табакерак мы ж усе выдатна ведаем, што адбываецца. Мы ведаем, хто заснавальнік гэтай сеткі».

Уладальнік «Табакерак» – Аляксей Алексін – уваходзіць у атачэнне Аляксандра Лукашэнкі. Летась кіраўнік краіны нават выдаў указ аб вывядзенні з межаў Менску 1,48 га прамзоны «Шабаны», каб Алексін змог развіць там тытунёвую вытворчасць.

Іншыя прадпрымальнікі, чые кіёскі прымусова прыбралі з вуліцаў сталіцы яшчэ 10 гадоў таму, абураныя такім няроўным стаўленнем да бізнесоўцаў.

«Грамадства тады зможа задаць пытанне або адказаць на пытанне, калі гэты мільянер ставіць тут свае кіёскі, тады зразумела, як ён зарабіў свае мільёны», – гаворыць кіраўнік грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Чаму алігархам можна, а іншым бізнесоўцам не?

Hавiны
У Менску з’явіліся «Табакеркі» Алексіна. Прадпрымальнікі хочуць усталёўваць свае кіёскі
2019.07.31 18:21

Прадпрымальнікі чакаюць адказу на гэтае пытанне ды на свой ліст, высланы на гэтым тыдні ў Адміністрацыю кіраўніка краіны, Менгарвыканкам і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у якім яны патрабавалі зрабіць адкрытыя аўкцыёны для выдзялення месцаў пад шапікі, у тым ліку, малому бізнесу. Ініцыятыву бізнесоўцаў падтрымліваюць і жыхары сталіцы:

«Лепей бы вярнулі тыя шапікі, якія былі. Тым прадпрымальнікам, якія тады гэтым займаліся».

«Трэба вярнуць. Раней было зручна, можна было набыць неабходныя тавары».

«Тое, што ідзе лабаванне нейкіх інтарэсаў, – гэта не зусім правільна і не зусім сумленна адносна нашых прадпрымальнікаў, каторыя сёння працуюць у Беларусі».

На пачатку 2000-ых у Менску было блізу 3 тысячаў шапікаў ІП, іх гвалтоўная ліквідацыя прывяла да страты працоўных месцаў і крыніцы даходаў. Цяпер «Энерга-Ойл» жа плануе размясціць у сталіцы 500 «Табакерак».

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»