Лекавацца малітваю і маліннікам. Як у Беларусі працуе сацыяльная справядлівасць?


У дваццаты раз адзначаем Міжнародны Дзень сацыяльнай справядлівасці. Гэта калі ў насельніцтва няма прычынаў востра крытыкаваць уладу, бо кожны адчувае сябе абароненым. Унутрыдзяржаўныя канфлікты паказваюць, што сацыяльнай справядлівасці дамагчыся складана. Як выглядае пытанне ў Беларусі і за мяжою?

З аднаго боку стаіць войска сацыяльна незадаволеных. З іншага – за шчытам хаваюцца сілавікі – абаронцы інтарэсаў дзяржавы. Гэтак Венесуэла дэманструе прыклад, калі праігнараваныя сацыяльныя гарантыі вывелі людзей на вуліцы. Беларусы мітынгуюць рэдка, але назбіралася:

«Я лічу што не справядліва, калі ты ідзеш у краму і думаеш, ці набыць табе пачку тварагу, элементарна. Большасць пенсіянераў стаяць ля прылаўка вельмі доўга, набываючы найтаннейшыя прадукты».

«Дапамога людзям… Пенсійны фонд выклікае вялізныя пытанні. Я б хацеў атрымаць больш, чым я аддаю».

«Ведаеце што… З такою дарагавізнаю хутка ўсе будзем лекавацца малітваю і маліннікам», – кажуць жыхары Магілёва.

Званым «сацыяльна абароненымі» людзям, як пенсіянеры, шматдзетныя і асобы з інваліднасцю не хапае грошай на харчы. Але з экрану даносіцца голас кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі:

«Аніводная краіна ў свеце не падтрымлівае гэтак сем’і з дзецьмі, як мы. У нас па-мойму там да 11 відаў дапамогі».

Не менш у нас праграмаў ды ільгот для для насельніцтва. Нараджаюць усцяж неахвоча, паміраюць – некантралявана.

«Я таксама патрабаваў ад міністра аховы здароўя прыняць комплексныя захады ў зніжэнні смяротнасці», – кажа кіраўнік Беларусі.

Задача, як для Бога, ва ўмовах, калі краіна мусіць ашчаджаць і сплочваць шмат мільярдныя крэдыты. Паміраць нікому не хочацца, але за жыццё трэба плаціць. Жыхары Магілёва распавядаюць:

«Я вось хадзіў у больніцу лекаваць зубы – усё платна. Я плачу падаткі за што? Вось вам і сацыяльная дысцыпліна».

«Я ведаю адзін прыклад, гэта можна і выразаць… У Чэхіі не кажуць шмат пра сацыяльную справядлівасць, але пенсіянеры там ездзяць у грамадскім транспарце бясплатна».

Уладныя медыі ВЫРАЗАЮЦЬ гэткія прыклады з эфіру. Але з жыцця не выкінеш… Па спісе сацыяльных прывілеяў беларуса прайшоўся старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

«Мабыць гэта добрая пенсія? Не. Мабыць гэта добрыя паказнікі па беспрацоўю? Таксама не. Мабыць гэта добрыя заробкі? Таксама не. Мабыць маладыя сем’і могуць атрымаць льготныя крэдыты і пабудаваць жытло? – Зноў не!»

Грашовыя прыбыткі насельніцтва летась выраслі на 8 %, а заробкі да 14 % – рапартуе ўрад. У першым месяцы года заробкі ўпалі на 30 рублёў да леташняга паказніку (Br 982). Беспрацоўных па выніках года было афіцыйна 4,8 %, а ўсцяж звальненняў у арганізацыях краіны больш, чымся найманняў.

Выкараняць галечу, спрыяць занятасці і годнай працы, а таксама роўнасці мужчын і жанчын – галоўныя задачы, якія ставіла Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў, ствараючы 20 гадоў таму Дзень сацыяльнай справядлівасці. Мэры Робінсан, былая Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека (20.02.1999):

«Давайце пацвердзім нашую прыхільнасць прынцыпам гэтае справядлівасці і распачнем актыўны пошук стратэгіяў і палітыкі, якія дазволяць яе дасягнуць».

Стварэння даты ў ААН дамогся чалавек, якога можна абвінаваціць у крывадушшы. Былы прэзідэнт Кыргызстану Курманбек Бакіев, выгнаны сваім народам 10 гадоў таму, хаваўся ў свайго беларускага калегі – нашага сацыяльнага гаранта:

«Важна сфармаваць у грамадстве пазітыўнае, беражлівае стаўленне да мацярынства і сямейных каштоўнасцяў», – гаворыць Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым важна пачаць ад самага галоўнага семʼяніна.

Юлія Цяльпук, belsat.eu