Леанід Судаленка: улада пайшла па шляху пераследу ўсіх нязгодных


Сённяшні судовы дзень у Менску адметны тым, што распачаўся разгляд адразу некалькіх крымінальных справаў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску суддзя Вольга Няборская пачала разгляд справы 18-гадовых Соф‘і Малашэвіч і Ціхана Клюкача. Маладзёнаў вінавацяць у тым, што 6-га верасня падчас маршу пратэсту яны распісалі фарбай з балончыкаў шчыты амапаўцаў, а таксама ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Акрамя таго, Соф’ю абвінавачваюць у публічнай абразе кіраўніка дзяржавы: паводле пракурора, яна «наўмысна і супрацьпраўна» дэманстравала плакат са зневажальным надпісам. Абодвух маладзёнаў праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Яшчэ адна крымінальная справа, разгляд якой пачаўся ў судзе Савецкага раёну Менску, датычыць падзеяў 10-га і 11-га жніўня, калі пачаліся пратэсты супраць выбарчых фальсіфікацыяў. Фігуранта справы вінавацяць у тым, што ён удзельнічаў у масавых беспарадках, а таксама разам з іншымі ўдзельнікамі захапіў машыну камунальных службаў і заблакаваў рух на вуліцы Прытыцкага.

Справа ж, якую пачала разглядаць суддзя Таццяна Пірожнікава ў судзе Маскоўскага раёну, датычыць падзеяў, што адбыліся амаль за месяц да выбараў. Тады на вуліцы выйшлі людзі, не згодныя з вынікамі рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта. 20-гадовага Уладзіміра Хомічкава абвінавачваюць у непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўніка ўладаў, аказанні супраціву і ў гвалце супраць міліцыянтаў.

Не спыняюцца суды і па-за Менскам. У судзе Гомельскага раёну суддзя Тамара Застаўнецкая вярнула на дапрацоўванне справу снежнай бабы ці, дакладней, справу яе стваральніка, жыхара вёскі Маркавічы Сяргея Качалава.

«Зрабіў снегавіка і аказваецца што я вораг народу, бо не меў права без дазволу сельсавету, без іх каманды зрабіць снегавіка», – абураецца Сяргей Качалаў.

Фігурка з надпісам «Жыве Беларусь» з’явілася на падворку яшчэ ў снежні. На пачатку студзеня на яго стваральніка склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет.

У Віцебску мелі адбыцца судовыя паседжанні ў справе шасцярых жанчын, затрыманых учора ранкам падчас шпацыру са скандынаўскімі палкамі ў лесе.

«Мы не выкарыстоўвалі ні відэа, нічога не выкарыстоўвалі, сцягамі ніхто не махаў, мы толькі разміналіся перад тым каб канкрэтна прыступіць да адмысловай трэніроўкі», – распавядае адна з затрыманых, Таццяна Севярынец.

Жанчын абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і дзень пратрымалі ў пастарунку, але разгляд справаў перанеслі на наступны тыдзень.

Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што судовая сістэма ў Беларусі дзее сёння не для кантралявання законнасці:

«Калі цяпер чалавек публічна выказвае свае перакананні, ён будзе абавязкова пакараны, таму што ўлада пайшла па шляху пераследу ўсіх не згодных з афіцыйнай палітыкай».

Пра шырокамаштабныя жорсткія рэпрэсіі ўладаў Беларусі кажуць міжнародныя праваабаронцы. У «Сусветнай справаздачы – 2021», якую ўжо 31-шы раз складае праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch, сітуацыі ў Беларусі прысвечаны асобны раздзел.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»