Лаву Клінтана разбуралі 20 разоў, але вандалаў ніколі не знайшлі


Раскіданыя кавалкі мемарыяльнага знаку актывісты заўважылі ўвечары напярэдадні, калі вярталіся з пікетавання ля рэстарацыі «Паедзем паядзім» ля заходняй мяжы ўрочышча.

«Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці». Такі надпіс выраблены на Лаве Клінтана.

Помнік гэты падараваў і адкрыў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан падчас наведвання Курапатаў 25 гадоў таму. Да мемарыяльнага знаку сёння ідуць людзі, якія даведаліся пра чарговы акт вандалізму на месцы масавых расстрэлаў.

«Мы ўвесь час прыходзілі сюды: пасядзім, паправім штосьці і ідзём далей. Камусьці замінала. Крыжы валілі – непрыгожа людзі паводзяцца ў гэтым месцы», – кажа Эдуард Імбро, жыхар Менску.

Каб раструшчыць мемарыяльны знак, невядомым вандалам спатрэбіўся час і немалая сілы.

«Мы падышлі і пабачылі, што прысыпаныя снегам некалькі пабітых кавалкаў. Сфатаграфавалі, я патэлефанаў у міліцыю, паведаміў, што такое адбылося. Чакаць не стаў, бо можна ўсю ноч там прабыць па іхняй бздуры. Пасля мне ператэлефаноўвалі гадзіне а дзесятай вечара, перапытвалі падрабязнасці і казалі, што будуць туды выязджаць», – узгадвае актывіст «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Фрагмент знішчанага помніка

У студзені, напярэдадні 25-й гадавіны ўсталявання мемарыяльнай лавы, абаронцы Курапатаў перадухілілі яшчэ адну спробу яе знішчыць: невядомы з кавадлам нават гнаўся за маладзёнамі, пасля чаго сеў у аўтамабіль і з’ехаў.

«Калі пачаўся «Бульбаш-холл», вельмі часта пачалі здарацца такія выпадкі: крыж зламалі, іншыя крыжы спрабавалі падпаліць. Тут жа – усталёўка дзяржаўнага помніку, і ўсё гэта адбываецца амаль адначасна. Спрабуюць разбіць Лаву Клінтана – не атрымліваецца, затым разбіваюць. Што далей будзе?», – дадае старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.

Агулам Лаву Клінтана разбуралі больш як дваццаць разоў, але вандалаў ніколі не знаходзілі. Чарговыя акты вандалізму прыпалі на час наладжвання стасункаў паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Афіцыйны Менск зняў абмежаванне з колькасці амерыканскіх дыпламатаў у нашай краіне.

Галіна Абакунчык, «Белсат»