Латвія пацвердзіла план купляць электрычнасць з Астравецкай АЭС


Супраца з Беларуссю насуперак інтарэсам Літвы. Урад Латвіі пацвердзіў планы купляць электрычнасць з Астравецкай АЭС. Гэтак Рыга мае намер захаваць узровень гандлю энергіяй з трэцімі краінамі.

Латвія не падтрымала сваіх саюзнікаў з Еўразвязу і блоку NATO, а пайшла насустрач Аляксандру Лукашэнку. Сёння латвійскае Міністэрства эканомікі пацвердзіла рашэнне купляць электрычнасць з Астравецкай АЭС. Міністэрства эканомікі Латвіі:

«У мэтах своечасовага змякчэння рызыкі магчымага скарачэння плыні электраэнергіі або адмоўных хваляванняў тарыфаў Кабінет міністраў падтрымаў прапанову Міністэрства эканомікі аб тым, што, калі Літва прыпыніць гандаль электраэнергіяй з Беларуссю, гандаль будзе перанесены на латвійскую мяжу».

Цяпер электрычнасць з Беларусі трапляе ў Еўразвяз толькі праз Літву. Два гады таму літоўскі Сейм заканадаўча прызнаў будаваную Астравецкую АЭС пагрозаю нацыянальнай бяспецы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю ды абмежаваў імпарт энергіі з Беларусі і Расеі. Яшчэ ўчора на неафіцыйныя звесткі пра рашэнне латвійскага ўраду адрэагаваў прэзідэнт Літвы падчас сустрэчы з Ангелай Мэркель.

«Мы абмеркавалі пытанні ядравай бяспекі, перадусім атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Мы ўжо падкрэслівалі, што гэтую АЭС будуюць з палітычных прычынаў, неадпаведна рэкамендацыям аб стрэс-тэстах», – заявіў Гітанас Наўседа.

Балтыйскі сусед «падклаў атамную свінню» не дзеля таннай электрычнасці. Ёсць дзве прычыны: моцны ўплыў Масквы праз латвійскіх алігархаў, якія маюць шмат бізнес-інтарэсаў у Расеі, і эканамічныя прэферэнцыі з Беларусі, мяркуе Марус Лаўрынавічус, старэйшы аналітык Віленскага Інстытуту палітычнага аналізу:

«Латвія ўсё яшчэ спадзяецца пераняць плыні грузаў, што цяпер ідуць праз порт Клайпеды, яны хочуць, каб гэтыя плыні ішлі праз латвійскія парты, і шмат у гэтым працуюць з Беларуссю».

Улады Беларусі ў перамовах не раз звязвалі беларуска-латвійскі тавараабарот і магчымасць прадаць электрычнасць з Астраўца. А прадаваць трэба: АЭС будавалі не для ўнутранага рынку, а са спадзевам на Літву і Польшчу. Але ўся гісторыя эканамічных стасункаў Літвы з Беларуссю паказвае, што Лукашэнка не будзе надзейным партнёрам для латвійцаў, мяркуе эксперт.

«Можа быць, ім нешта абяцанае, але калі эканамічна рэжым Лукашэнкі палічыць больш выгадным накіроўваць плыні грузаперавозак у Клайпеду, яны і будуць гэта рабіць», – папярэджвае Марус Лаўрынавічус.

Астравецкую АЭС будуюць за 50 кіламетраў ад Вільні – расейскія адмыслоўцы за расейскі крэдыт. Расейскае ядравае паліва мусяць прывезці ў пачатку кастрычніка. Будову суправаджаюць інцыдэнты і іх замоўчванне: корпус першага рэактара ўпаў падчас разгрузкі, яго замянілі толькі пасля выцеку інфармацыі ды грамадскага рэзанансу. Другі корпус рэактара ўдарылі аб слуп падчас перавозкі. Было і абвальванне канструкцыяў з-за няякаснага бетону, таксама засакрэчанае.

Апошняе здарэнне – пажар у тунэлі камунікацыяў. Пра яго беларусы даведаліся толькі з копіі дакументу, дасланага ў тэлеграм-канал «Нехта». Інфармацыйнае паведамленне пра пажар:

«12 траўня 2019 года на аб’екце «Беларуская АЭС» у тунэлі камунікацыяў 10USZ на адзн. – 7,200 падчас фарбавання сценаў адбылося ўзгаранне растваральніка і задымленне тунэлю».

На гэта Міністэрства надзвычайных сітуацыяў заявіла, што гэта быў не пажар, а ўзгаранне.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum