Курс на беларускасць – паводле перапісу і паводле рэпрэсіяў


У пытаннях мовы і ідэнтычнасці агулам мы далёка ад агучаных Нацыянальным статыстычным камітэтам лічбаў. Летась беларускую мову назвалі роднаю 60 % беларусаў. Сёлета гэты адсотак быў бы вышэйшы – кажа сацыёлаг Сяргей Нікалюк. Больш беларусаў вызначыліся таксама з нацыянальнымі сімваламі і палітычнымі поглядамі – паказала гэтае лета і пачатак восені. Дык хто мы і з кім?

Па выніках перапісу насельніцтва доля тых, хто размаўляе пераважна па-беларуску, вырасла на 3 % да 26 % цягам дзесяці гадоў. Сёлета ў бок мовы, як найважнейшага складніка нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама гістарычнай сімволікі, павярнуліся шматлікія беларусы… У пэўным сэнсе – дзякуючы Лукашэнку, вынікае з меркаванняў менчукоў:

«Улады нас не чуюць, Мы ўсе разам і гэтая сімволіка – на кожным павароце і кожным слупе. Вось у мяне ў заплечніку таксама б-ч-б сцяг».

«Мы як беларусы павінныя цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, і калі нам нічога не замінае, то мы пачынаем больш актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе».

«Мае быць беларуская мова, беларускія сцягі… усе хочуць вяртання да сваіх каранёў, якія былі да гэтага, да дзейнай улады».

«Гэта выдатна. Мы гэтак будзем яму крапаць… як ён нам штодня крапае на мазгі».

«Нацыя прачнулася, нацыя аб’ядналася».

…і дэманструе сваю ідэнтычнасць. Пад час выбарчай кампаніі і яшчэ больш – пасля расчаравання, якое прынеслі людзям афіцыйныя вынікі выбараў, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» пачалі масава выкарыстоўваць пад час пратэстаў і ў штодзённым жыцці.

Палітолаг і сацыёлаг Сяргей Нікалюк падкрэслівае, што «пытанне, з кім я?» упершыню зрабілася вострым для простага чалавека, які летась пад час перапісу быў абыякавы да палітыкі: «Папулярнасць сімвалаў, у тым ліку нацыянальных, якія былі адрынутыя ў выніку рэферэндумаў 90-ых гг. гэтых сімвалаў узрастае. І калі мабілізацыйная хваля схлыне, то мы не вернемся ў былую кропку».

Любоў да сімвалаў і цікавасць да роднай мовы застануцца, і гэта трэнд, лічыць сацыёлаг. Пытанне, якую цану заплоціць за ўтрыманне ўлады дзейная вертыкаль.

«Адзін з негатыўных момантаў будзе акурат адток кадраў. Справа ў тым, што супраць улады выступаюць людзі маладыя і адукаваныя. То бок тыя людзі, якія робяць асноўны ўнёсак у развіццё эканомікі», – нагадвае палітолаг.

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва, у Беларусі пражываюць 9.413.446 чалавек, больш за палову – працаздольнае насельніцтва. Ужо цяпер ціск на кіраўнікоў стачкамаў і на студэнтаў змушае людзей пакідаць краіну. А ператрусы і крымінальныя справы супраць суб’ектаў бізнесу пагаршаюць яе інвестыцыйны клімат.

Юлія Цяльпук, «Белсат»