Курды перакідаюць на мяжу з Турцыяй сілы, якія супрацьстаяць «Ісламскай дзяржаве»


Турцыя працягвае наступ на курдскія пазіцыі ў Паўночнай Сірыі і ўжо заняла шэраг памежных населеных пунктаў. У выніку аперацыі загінулі, па розных звестках, ад 100 да 200 чалавек. Яшчэ каля 100–200 тысячаў чалавек мусілі пакінуць свае дамы.

Турэцкія гаўбіцы абстрэльваюць пазіцыі курдаў у памежных з Турцыяй гарадах і мястэчках. Саюзныя Турцыі сірыйскія паўстанцы заяўляюць, што захапілі ўжо 18 вёсак і стратэгічны горад на мяжы.

Матэрыял Аляксандра Папко глядзіце ў поўным выданні навінаў за 12 кастрыніка

Мястэчкі Рас-аль-Айн і Тэль-Аб’яд – галоўныя месцы, на якія сёння накіраваныя ўдары турэцкай арміі. Паводле медыяў, у выніку аперацыі былі забітыя дзясяткі людзей, яшчэ 100 тысячаў сталі ўцекачамі. Курдская адміністрацыя заяўляе, што ў выніку баёў уцекачамі сталі ўжо 200 тысячаў чалавек, а загінулых – каля 100 асобаў.

«Што я магу сказаць свету? Чаму Эрдаган гэтак з намі паступае? Свет пра нас забыўся! Нашыя дзеці з учорашняга дня не елі, – кажуць тыя, хто мусіў пакінуць дом. – Мы дапамаглі супердзяржавам, а цяпер тыя забыліся на нас. Я прашу ўсе краіны свету зрабіць нешта для курдаў. ААН і сусветныя дзяржавы ў адказе за тое, што тут адбываецца. Калі яны нам не дапамогуць, то туркі нас знішчаць».

Вялікія дзяржавы заклікаюць да міру, але пакуль не ўмешваюцца

Спроба Рады бяспекі ААН асудзіць вайсковую аперацыю Турцыі правалілася з прычыны вета Расеі і Злучаных Штатаў. Пры гэтым Масква патрабуе, каб Рада бяспекі дамагалася вываду з Сірыі любых войскаў, якіх не жадае Дамаск.

«Усе, хто перабывае на тэрыторыі любой дзяржавы, у гэтым выпадку Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, павінныя пакінуць гэтую тэрыторыю, – заявіў Уладзімір Пуцін. – Калі будучае легітымнае кіраўніцтва Сірыі скажа, што яно не патрабуе прысутнасці і расейскіх узброеных сілаў, то гэта датычыць і Расейскай Федэрацыі таксама».

Амерыканскія ж войскі на поўначы Сірыі трапілі пад турэцкі артабстрэл, але стратаў не панеслі. Вашынгтон заяўляе, што можа ўвесці супраць Анкары фінансавыя санкцыі, але пакуль проста заклікае Турцыю спыніць наступ.

«У нас вельмі добрыя дачыненні з Турцыяй. Яны наш партнёр у NATO. Мы шмат гандлюем з туркамі, але мы не хочам, каб яны забілі шмат народу», – заявіў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Ахвяры ёсць і сярод насельніцтва турэцкіх памежных вёсак. Паводле мясцовых уладаў, не менш за тры асобы забітыя і 12 былі параненыя ў выніку мінамётнага абстрэлу з сірыйскага боку.

«Я баюся за сваіх дзяцей. Мы не пакідаем іх самых. Мы вядзем іх у школу і забіраем іх адтуль. У нас няма ніякай абароны», – кажа жыхар памежнай вёскі Хасан Кая.

Мэта турэцкага наступу – ачысціць ад курдскіх вайсковых фармаванняў, якія Анкара называе тэрарыстамі, 35-кіламетровую памежную зону. Туды Турцыя збіраецца перасяліць частку арабскіх уцекачоў з Сірыі. Курды перакідаюць на поўнач свае сілы з цэнтру краіны, дзе яны супрацьстаяць Башару Асаду і рэшткам гэтак званай «Ісламскай дзяржавы».

«Расея ў пэўны момант захоча ўвайсці ў гэты канфлікт як пасярэднік, каб даць Асаду заняць тэрыторыі, якія раней кантралявалі Сірыйскія дэмакратычныя сілы – кааліцыя, у якой дамінуюць курды. А частку тэрыторыяў зойме Турцыя», – лічыць вайсковы карэспандэнт Вітальд Рэпетовіч.

Наступ Турцыі на кантраляваныя курдамі тэрыторыі пачаўся 9 кастрычніка. За тры дні да гэтага Доналд Трамп і Рэджэп Эрдаган правялі тэлефонную размову, пасля якой амерыканскія войскі былі выведзеныя з турэцка-сірыйскай мяжы. Курды былі асноўнаю сілай, якая дапамагла Злучаным Штатам перамагчы «Ісламскую дзяржаву».

Аляксандр Папко belsat.eu; Фота анонсу – Vincent Kessler/Reuters/Forum