Курапаты, як і 30 гадоў таму, падчас першага шэсця на Дзяды, патрабуюць абароны


Традыцыйнае шэсце і мітынг на Дзяды ў Курапатах. Дэмакратычная супольнасць ужо цягам трыццаці гадоў нагадвае пра лёс дзясяткаў, калі не соцень тысячаў бязвінна расстраляных. І нават цяпер народны мемарыял патрабуе абароны.

Некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі сёння жалобнаю хадою ў Курапаты на месца народнага мемарыялу. Шэсце адбываецца амаль 30 гадоў. Лозунг сённяшняй акцыі – абарона Курапатаў ад рэстарану «Паедзем паядзім», які, на думку арганізатараў акцыі, пабудавалі незаконна.

«Рэстаран »Паедзем паядзім« сёння зачынены, напісана, што з тэхнічных прычынаў. Але гэтыя прычыны мы ведаем. Яны баяцца людзей, якія прыйдуць на Дзяды», – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Канфлікт паміж уладамі і дэмакратычнаю грамадскасцю з-за Курапатаў доўжыцца ўсе 30 гадоў. Некалькі разоў вандалы руйнавалі крыжы, псавалі гэтак званую лаўку Клінтана, апаганьвалі іконы. Арышты і штрафы спазналі абаронцы Курапатаў падчас будоўлі кальцавой дарогі ды спробаў пабудаваць бізнес-цэнтр. Цяпер актывісты намагаюцца закрыць сумнавядомы рэстаран.

«Калі была гэтак званая перабудова пад кантролем камуністаў, як толькі адкрыліся магілы, сталі казаць пра забойства НКВД, усё гэта разбурылася і пайшло па іншым шляху, бо, відаць, такія магілы, як у Курапатах, – гэта будзе сумленнем людзей», – адзначае дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання Сяргей Антончык.

На жаль, не ўсе ахвотныя здолелі далучыцца да жалобнага шэсця, некаторыя людзі сталага веку, якія яшчэ 30 гадоў таму пачыналі гэты шлях, сёння прыехалі на месца ў Курапаты, каб там дачакацца ўдзельнікаў гэтага маршу.

За некалькі дзён да правядзення ўрачыстасці гарадскія ўлады распачалі ў Курапатах будаўнічыя працы. Яны запэўнівалі грамадскасць, што ў хуткім часе на месцы масавага знішчэння людзей падчас сталінскіх рэпрэсіяй усталююць памятны знак.

«Улада па-ранейшаму знаходзіцца ў гібрыдным стане. Яна паскудзіць тым людзям, якія прыйшлі сюды і на якіх Беларусь гэтая трымаецца», – лічыць Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання.

Пасля шэсця ў Курапатах адбыўся мітынг і супольная малітва за нявінна забітых людзей. Заўтра ўвечары тут таксама збяруцца людзі, каб зладзіць Ноч расстраляных паэтаў.

Любоў Лунёва, «Белсат»