Распачаліся працы ў Курапатах. Севярынец затрымлівае экскаватар


Дзяржаўны мемарыял у Курапатах. Гаворка пра гэта вялася даўно, і вось сёння, без папярэджання грамадскасці, працы распачаліся. Плануецца ўсталяванне мемарыяльнага знаку на гэтак званай Галгофе, будаўніцтва брукаванкі памяці, ды працы дзеля адвядзення вады. Праект помніка перамог на конкурсе ў Міністэрстве культуры.

Надзея Батура, рух салідарнасці «Разам»:

«Найбольш абурае, што ніхто не кажа, усе хаваюць, што тут плануецца, хто за гэтым стаіць, якія подпісы, якая асоба службовая, альбо якая ўстанова ўсё гэта распрацавала».

Зранку побач з Крыжам пакуты пачалі працаваць экскаватар, пагрузчык, і два самазвалы. Рабочыя сталі капаць траншэі для стварэння водаадводу, але актывісты спынілі працы, бо лічаць, што тут нельга працаваць спецтэхнікай. Абаронцы падкрэсліваюць, што яны не супраць праекту, – яны супраць таго, як ён рэалізоўваецца. Курапаты – гэта гістарычна-культурная каштоўнасць першай катэгорыі.

Павел Севярынец, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Каля Крыжа пакуты вырылі траншэю даўжынёй 7 метраў, глыбінёй паўтара метра. Гэта катэгарычна забаронена рабіць там, дзе ёсць хоць найменшая верагоднасць, што там косткі ляжаць. Гэта не экскаватарамі робіцца, гэта робіцца рыдлёвачкамі і рукамі, акуратна, гэта археалагічная праца мусіць быць. Тое, што робіцца цяпер, гэта вандалізм, гэта здзек з памяці беларускага народу».

Між тым археалагічны нагляд на аб’екце аформлены. Гэта азначае, што неабходная прысутнасць археолага, але насамрэч археалагічных працаў не праводзіцца. Таму абаронцы Курапатаў дамовіліся, што самі ўручную пракапаюць траншэю. Заўтра да гэтай працы можа далучыцца кожны ахвочы.

Ад уваходу да Галгофы маюць пракласці Брукаванку памяці. І вось ужо сёння вынік падрыхтоўчых працаў.

Акурат пад сцежкай костак тых, каго ў 30-я гады расстрэльвалі ў Курапатах, быць не можа. Пласт быў знішчаны яшчэ ў той час, калі тут праводзілі газавую лінію.

Працаўнік:

«Я не ў курсе, помнікі – у нас у праекце няма. Проста добраўпарадкаваная сцежка, каб людзі ногі не ламалі».

Праект стварэння мемарыяльнага комплексу паўстаў пасля намётавага лагеру, што летась ладзілі актывісты, каб не дазволіць будаўніцтва офіснага цэнтру каля ўрочышча. Пра стварэнне мемарыялу заявіў Аляксандр Лукашэнка. І Міністэрства культуры правяло конкурс, аднак прадстаўнікоў грамадскасці да працэсу не далучылі.

Юлія Працко, скульптурны камбінат:

«Замоўца атрымаў дазвол на правядзенне ўсіх працаў для стварэння помніка, мы, скульптурны камбінат, вызначаныя, каб яго зрабіць і сюды прывезці і паставіць. Перад тым як ставіць, канечне, мы замовілі археалагічныя раскопкі на глыбіню 2 метры».

Раскопкі пачнуцца заўтра, але толькі пад тым месцам, дзе ўсталююць знак. Актывісты настойваюць, што працы ў Курапатах мусяць весціся пасля грамадскага абмеркавання і са згоды прадстаўнікоў грамадскасці. Заўтра а 10-й гадзіне абаронцы Курапатаў збяруцца ля Крыжа пакутаў, каб узгадніць свае далейшыя дзеянні.

Вольга Чайчыц, belsat.eu