Аб'ектыў 20.02.2017 Курапатам ізноў патрэбная абарона


Актывісты «Маладога фронту» распачалі доўгатэрміновую акцыю пратэсту ля ўрочышча. Маладафронтаўцы трымаюць вахту, спрабуючы спыніць будоўлю бізнес-цэнтру побач з месцам пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. І за адзін няпоўны дзень – ужо некалькі сутыкненняў з будаўнікамі.

Каля Менскай кальцавой адбываецца фізічны канфлікт паміж будаўнікамі офіснага цэнтру і абаронцамі Курапатаў, маладафронтаўцамі. Тут маладафронтаўцы перашкаджаюць будаваць агароджу для будаўнічай пляцоўкі. Міліцыя або не ўмешваецца, або чакае нейкага сурʼёзнага інцыдэнту, каб пачаць затрыманні.

Грамадскія актывісты, не згодныя з пабудоваю офіснага цэнтру побач з месцам масавых расстрэлаў, сёння ўсталявалі намёт проста на будаўнічай пляцоўцы. Яны спрабуюць арганізаваць бестэрміновую вахту для абароны Курапатаў.

«Калі мы будзем забываць пра злачынствы сталінізму, пра нашых дзядоў, што нявіннымі загінулі і ляжаць у гэтай зямлі, то хто мы такія тады? Мы ж не можам тады звацца людзьмі», – упэўнены грамадскі актывіст Мікола Бамбіза.

У сталінскія часы ва ўрочышчы Курапаты масава расстрэльвалі рэпрэсаваных

Некаторыя даследнікі падаюць лічбу нават да 250 тысяч чалавек. У часы незалежнасці тут паўстаў народны мемарыял. А цяпер таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белрэканструкцыя» ўзводзіць побач офісны будынак, паводле замовы такога ж таварыства «Кіпрэканструкцыя».

Дырэктар фірмы, што будуе бізнес-цэнтр даводзіць адваротнае

Забудоўнікі кажуць, што толькі ўдзельнічалі ў аўкцыёне, рашэнне прымаў Менгарвыканкам, дый месцы пахавання далёка. Ну і калі іншым можна будаваць, то чаму ім нельга?

«Там на глыбіні 5 метраў няма жывога месца. І калі б штосьці там было, то гэта ўнеслі бы ў ахоўную зону», – даводзіць Сяргей Несцераў, дырэктар ТАА «Белрэканструкцыя».

Актывісты перашкаджаюць будаўнікам як могуць

Дайшло да сур’ёзнай штурханіны і размахвання бярвёнамі. Асабліва стараліся прыспешыць будоўлю два чалавекі ў цывільным і ў зусім не рабочым абутку. Яны наўпрост правакавалі бойку на вачах у міліцыянтаў з відэакамерамі.

«Пайшлі выйдзем на разы. Што ты зробіш? Пайшлі памахаемся», – казаў адзін з правакатараў.

Міліцыянты пагражалі затрымаць актывістаў, якія не маюць пры сабе пашпартоў

«У выпадку здарэння нейкіх супрацьпраўных дзеянняў, з вашага боку перашкоджванне будоўлі, то бок самаўпраўства, а з вашага – ужыванне фізічнай сілы, на вас будуць складзеныя пратаколы», – зазначыў прадстаўнік міліцыі.

Мясцовыя жыхары, што назіралі за штурханінаю, спрабавалі спыніць гвалт. Яны таксама не задаволеныя дазволам Менгарвыканкаму на будоўлю. Напрыканцы мінулага года супраць пабудовы бізнес-цэнтру падпісалася паўтысячы жыхароў Зялёнага Лугу.

Самыя моцныя сутычкі адбыліся ў Курапатах у 2001–2002-м гадах, калі ўлады пачалі пашыраць кальцавую аўтадарогу. Тады грамадскія актывісты цягам 250 дзён перашкаджалі будоўлі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: naviny.by

Глядзі таксама
Каментары