Кур'ёз ва Ушачах: у дэпутатаў 45 гадоў «няма грошай»


Кожная вуліца мае свае мясцовыя праблемы, але ў вуліцы Юбілейнай ва Ушачах ужо мае зашмат. Разбітая дарога, небяспечны рух, зарослыя дзялянкі. Жыхары маюць досыць, не раз звярталіся да мясцовых уладаў, але ў адказ – марная дапамога.

Вуліца Юбілейная ва Ушачах – адна з самых новых у мястэчку, але ж маладосцю не ззяе. На ёй ніколі не было асфальту, бо дарогі размытыя вадою з крыніцы, што дасюль 10 гадоў збіралася ў калодзежы. Але за калодзежам не даглядалі.

«Ну, узялі засыпалі. А вада… Дзявацца трэба было, і яна пайшла цераз дарогу. Падсыпалі тут троху, і ўсё на гэтым», – распавёў жыхар Ушачаў Васіль Казьянін пра тое, што зрабіла мясцовая ўлада з крыніцай.’

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Жыхары намагаліся самастойна выправіць сітуацыю – сваймі сіламі пракапалі канавы каля дамоў.

«Дарожкі залілі вясной мы. Зараз, мабыць, і не будзе пападаць, таму што мы дарожкі вышэй паднялі. Вось. А так сапраўды, цякла вось зверху і прама нам і пад парог», – кажа пра захады мясцовых Наталля Нягель, жыхарка Ушачаў.

Найлепшым развязаннем праблемы жыхары лічаць пад’ём дарогі, каб крыніцы было куды выцякаць. Сваё рашэнне нам паабяцалі і ў ЖКГ Ушацкага раёну.

«Унізе насупраць дому ці то 42, ці то 44 будзем трошкі пазней класці трубу. Каб штосьці зрабіць, патрэбныя грошы. Усё ўпіраецца ў фінансавыя магчымасці», – падзялілася планамі Вольга Шчэрбік, намесніца дырэктара ў сацыяльных пытаннях.

Спачатку жыхары Ушачаў звярнуліся да «Белсату», каб прыцягнуць увагу менавіта да праблемы крыніцы. Але калі мы прыехалі на месца, людзі пачалі скардзіцца і на іншыя недахопы вуліцы, як, напрыклад, небяспечны выезд з Юбілейнай.

«Там падʼём. Зімою машыны буксуюць. Паставілі знак «Стоп» – яшчэ лепш. З правага боку крама перашкаджае чаму? Таму што агляду няма», – звяртае ўвагу на небяспеку Васіль Казьянін.

Жыхары Ушачаў не раз звярталіся да ўладаў з просьбамі выправіць сітуацыю:

«Ну звярталіся. І дэпутат прыязджала. Тут адну ямку засыпалі, тратуары падмялі. У цялежку што пясок сыпалі, прывезлі, вунь там выкінулі. І ўся дапамога дэпутата».

«Прывозілі дзве машыны гравію перад выбарамі. Усё, разраўнялі – хопіць. Ну то бок закрылі рот: тыпу мы працуем. Не больш за тое».

Вуліца Юбілейная мае прыблізна 45 гадоў. Дасюль жыхары патрабуюць ва ўладаў роўную дарогу. На асфальт людзі нават не спадзяюцца. Адказы ж мясцовага савету дэпутатаў вядуць да аднаго: грошай няма.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu