Аб'ектыў 17.02.2017 Купляйце беларускае! Прадаем і не зарабляем


На пастаўках малака ў Расею Беларусь зарабляе больш за $ 3 млрд., заявіў міністр сельскай гаспадаркі нашай усходняй суседкі Аляксандр Ткачоў. Хаця ў рэальнасці айчынны экспарт працягвае падзенне, нават нягледзячы на тое, што некаторыя галіны ад правалу замежнага гандлю пачынаюць апраўляцца.

Бананы – пад санкцыямі

Экспарт гэтых трапічных пладоў з нашай краіны ў Расею абваліўся летась удвая. Прычына – шэраг абмежавальных захадаў «Рассельгаснагляду», які падазрае, што насамрэч экспартаваныя намі бананы вырошчваюцца не ў Беларусі.

Таксама ўдвая летась зменшыўся продаж у Расею беларускіх апельсінаў, мандарынаў, абрыкосаў, папаі, яблыкаў, а таксама гародніны.

Затое ў пяць разоў вырас экспарт свініны

Што праўда, сёлета айчыннае мяса зноў трапіла пад увагу «Рассельгаснагляду». Для імпарту беларускай свініны Расея ўвяла дадатковыя патрабаванні, а ялавічына з Менскай вобласці – пад татальнаю забаронаю. Масква вінаваціць Беларусь у рээкспарце санкцыйнай прадукцыі. Менск у адказ распачаў супраць кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта крымінальную справу за паклёп.

Пасля пяцігадовага падзення крыху ачуняла машынабудаўнічая галіна

І хоць цяжкавікі МАЗ працягвалі страчваць расейскі рынак, затое менскія аўтобусы ўчынілі там прарыў з чацвёртага месца на трэцяе. На траціну павялічыўся экспарт сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэтаму паспрыяў шэраг адміністрацыйных захадаў. Расея ўвяла ўтылізацыйны збор на патрыманую замежную тэхніку і адначасова пачала субсідаваць беларускую на роўні з расейскай. Гэта дазволіла айчынным вытворцам выйграць шэраг тэндараў расейскіх дзяржаўных закупаў. Так, «Гомсельмаш» атрымаў замову на 11 камбайнаў ад «Татагралізінгу» – па перадаплаце. Што праўда, за чатыры месяцы здолеў сабраць толькі адну машыну, а на вытворчасць астатніх дзесяці быў вымушаны прасіць адтэрмінавання.

Асноўнае ж пагаршэнне прыпала на гандаль сыравіннымі таварамі

Сітуацыя ў нафтаперапрацоўванні часткова пагоршылася праз абмежаванне паставак расейскай нафты. Але галоўным чынам – з прычыны тамтэйшага падатковага манеўру. У выніку розніца паміж сусветнаю цаною на расейскую нафту і той, за якую яе купляе Беларусь, істотна звузілася. Упалі, адпаведна, і бюджэтныя паступленні. Затое ёсць станоўчая навіна: калійны рынак хоць і не расце, але спыніў сваё шасцігадовае падзенне.

Сітуацыя на замежных рынках пакрысе стабілізуецца

Ёсць шанцы, што вонкавыя ўмовы сёлета будуць не горшыя для айчыннага экспарту, чым летась. Праблема, аднак, у тым, што істотная частка беларускіх тавараў прадаецца ніжэй за сабекошт. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, з адмоўнай або калянулявою рэнтабельнасцю летась працавала больш як палова айчынных прадпрыемстваў. Гэта азначае, што ў гэтым годзе экспарт можа працягнуць падзенне, нягледзячы на спрыяльныя замежныя ўмовы – праз нястачу субсідавання. Гэта, у сваю чаргу, можа спрычыніць ціск на валютны рынак.

Станіслаў Івашкевіч, Менск,фота: forum.pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары