«Купалаўцы» прэзентуюць новы спектакль


Незалежная трупа «Купалаўцы» прэзентавала на сваім Youtube-канале прэм‘еру – спектакль «Войцэк. Сцэны». Граюць у ім акторы, якія летам сышлі з Купалаўскага на знак пратэсту супраць звальнення Паўла Латушкі і агульнай сітуацыі ў краіне.

У аснове п’есы «Войцэк» – рэальная гісторыя цырульніка, у мінулым – жаўнера, які «не быў народжаны забойцам… Але сістэма паступова дабралася і да яго». Нямецкі драматург Герг Бюхнэр напісаў сваю самую славутую пʼесу «Войцэк» у 1837-ым годзе, але праблематыка актуальная і сёння. Упершыню акторы Купалаўскага тэатру ставілі гэтую пʼесу тры гады таму пад рэжысёрствам Юрыя Дзівакова. Сёння сваё прачытанне пʼеНовы спектсы прапануе Раман Падаляка, стваральнік спектакляў «Радзіва Прудок» і «Першы».

«Гэта праблема не толькі адносінаў нейкіх структур да народу, гэта ўжо працэс эвалюцыі, адукацыі і працэс ад такога каменнага веку (эмацыйна, я маю на ўвазе), у якім знаходзяцца людзі без адукацыі, без надзеі, без канкрэтнай мэты. На жаль, гэта нараджае ў іх душах, і ў іх дзеяннях невытлумачальнасць, на мой погляд», – дзеліцца рэжысёр Раман Падаляка.

Тым часам Купалаўскі тэатр рыхтуе спектакль «Паўлінка» з новым складам актораў. Пасля таго як на знак пратэсту звольнілася больш за 60 працаўнікоў тэатру, у трупе засталося каля 15 артыстаў. Новае кіраўніцтва зладзіла кастынгі для фармавання новае трупы, запрашаючы пераважна выпускнікоў тэатральных універсітэтаў.

«Я спадзяюся, што людзі разумеюць, што гэта не проста прыйсці ў Купалаўскі. Дый увогуле, ці лічыцца гэта – прыйсці ў Купалаўскі. Бо гэта заўсёды быў цяжкі адбор. Гэтая трупа набіралася дзесяцігоддзямі. Тут трэба разумець – гэта не проста прыйсці працаваць у тэатр – гэта зрабіць пэўны выбар, які будзе тваім кляймом на ўсё астатняе жыццё», – адзначыла акторка Крысціна Дробыш.

У новым онлайн-спектаклі купалаўцы паказалі выбраныя сцэны п’есы, адсюль і назва – «Войцэк. Сцэны». Акторы, аднак, спадзяюцца, што гэта станецца пралогам да больш маштабнага тэатральнага праекту. Паглядзець 50-хвілінную інсцэнізацыю яшчэ можна – доступ будзе адкрыты да 24-ай гадзіны. Наступны паказ адбудзецца 20 студзеня. Паказ бясплатны, але гледачы могуць падтрымаць купалаўцаў данатамі.

Каця Малей, belsat.eu