Культурніцкія прасторы просяць дапамогі – і дапамагаюць самі


Галерэі, клубы і бары, якія пацярпелі ад пандэміі каронавіруса, звяртаюцца па дапамогу на краўдфандынгавых пляцоўках і абяцаюць аддзячыць пазней. Або ўжо нешта робяць для іншых.

Клуб «Графіці» – адзін з найстарэйшых у Менску, сёлета яму спаўняецца 21 год – цяпер перажывае бадай самыя няпростыя за сваю гісторыю часы. Жывыя канцэрты больш не ладзяцца, а плаціць арэнду па-ранейшаму трэба. У сувязі з пандэміяй клуб зачыніў дзверы напрыканцы сакавіка, але падаткі, камунальныя плацяжы ды арэнду дагэтуль вымушаны сплочваць у поўным аб’ёме. Таму адзіная надзея – на сяброў, якія падтрымліваюць культавае месца на краўдфандынгавай пляцоўцы «MolaMola». Ужо сабралі 3300 рублёў.

«Мы звярнуліся да людзей, нам было вельмі сорамна насамрэч: упершыню за 20-гадовую гісторыю мы просім. Але думаю, што мы адчынімся і аддзячым», – кажа дырэктар клуба Аляксей Ажогін.

Напярэдадні выйшаў указ «Аб падтрыманні эканомікі», які прадугледжвае арэндныя канікулы ды адтэрмінаванне выплатаў для кампаніяў, што пацярпелі ад пандэміі каронавіруса – у тым ліку для бараў, рэстаранаў, аб’ектаў культурніцкай інфраструктуры. Магчыма, гэта дапаможа цэнтру «Корпус» дамовіцца пра саступкі з арэндадаўцам – заводам «Гарызонт», якому пляцоўка мусіць плаціць каля 3000 еўраў за месяц.

Пакуль жа «Корпус» трымаецца дзякуючы ахвяраванням.

«Адчуваецца вялікае падтрыманне. Сёння мы глядзелі на «MolaMola» – недзе 500 чалавек нам ахвяравалі. Гэта, канечне, натхняе. Мы без бою гэта месца не аддамо, мы да апошняга будзем старацца быць незалежнымі», – кажа сузаснавальнік і арт-дырэктар культцэнтру «Корпус» Аляксандр Багданаў.

У складанай сітуацыі – клубы «Бруге» і «RE:PUBLIC», а таксама галерэя «Ў». У пошуках магчымасцяў для існавання пляцоўка разам з рэкламным агенцтвам «Vondel» абсталявала студыю, якую плануе здаваць для онлайн-канцэртаў і прэзентацыяў.

Вуліца Кастрычніцкая ў Менску. Тут у былых фабрычных памяшканнях размясціліся некалькі мастацкіх прастораў, у тым ліку галерэя «Ў».
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Тым часам галерэя «Ў» не толькі просіць дапамогі, але і сама дапамагае – цяпер у залах замест арт-аб’ектаў – скрыні з маскамі, пальчаткамі ды іншай медычнай прадукцыяй. Пляцоўка перадала свае памяшканні пад склад валанцёрскай ініцыятывы «ByCovid19».

Дапамагчы медыкам спрабуюць і мастакі. Руслан Вашкевіч на платформе «Куфар» зладзіў дабрачынны аўкцыён «Дзякуй!», на які выставілі свае творы больш як 100 беларускіх аўтараў. Падчас аўкцыёну на барацьбу з каронавірусам сабралі 37 тысяч рублёў.

«Адгукнулася вельмі актыўна мастацкая супольнасць, прычым адгукнуліся мастакі розных колаў і ідэалогіяў, тое што ў мірны цяплічны час амаль немагчыма», – кажа Руслан Вашкевіч.

Салідарнасць мастацкай супольнасці сёння важная як ніколі, каб падтрымаць адно аднога ў няпросты час і дапамагчы любімым арт-прасторам выжыць у крызіс.

Рэпартаж Аляксандры Дорскай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 25 красавіка