Культурніцкія каштоўнасці зноў разбурыліся


Вёска Ручыца з 1738-га была шараговым маёнткам князёў Агінскіх. Цяпер ад месца, дзе, магчыма, пісаліся паланэзы вядомага кампазітара, засталіся толькі падмурак ад млына і дзве каплічкі. Капліцы Агінскага – адны з самых старых пабудоваў на тэрыторыі Вялейскага раёну, яны ўнесеныя ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў, але гэта ніяк не абараніла помнікі ад разбурэння. Адна разбурылася некалькі дзён таму. Пры гэтым пытанне рэстаўрацыі ды стварэння вакол капліцаў ахоўнай зоны актывісты падымалі не раз і сваймі сіламі спрабавалі захаваць помнікі.

«Суполка «Таварыства аховы помнікаў» паставіла рыштаванне, каб абараніць капліцу ад снегу і дажджу, каб не залівалася яна і не разбуралася. Мы пісалі скаргі ў розныя інстанцыі. Апошнія лісты, якія мы дасылалі, гэта быў 2019 год, калі нам адказалі, што капліца ў здавальняльным стане», – расказвае гісторык Аляксей Сюдак.

На фота відаць стан архітэктурнага помніку летась. Вялейскі райвыканкам заявіў, што аб’ект не ў крытычным стане, а захады для яго захавання робяцца штогод. У Таварыстве аховы помнікаў адзначаюць асаблівую культурніцкую каштоўнасць пабудоваў і спадзяюцца, што захады для захавання другой капліцы будуць прынятыя тэрмінова.

«Я думаю, што больш шанцаў захаваць яе і адрэстаўраваць, чым тую, якую мы бачылі разбуранаю. Думаю, што вялейскім уладам і Міністэрству культуры трэба прымаць меры хутка, пакуль яе не напаткаў лёс першай каплічкі. Яны б даўно палеглі, каб не было гэтых рыштаванняў, якія грамадскасць паставіла», – кажа Аляксей Сюдак.

У Вялейскім райвыканкаме каментаваць сітуацыю адмовіліся, але начальнік аддзелу культуры Сяргей Паўлоўскі зазначыў, што аднаўленне каплічак плануецца.

Некалькі дзён таму сіламі райвыканкаму цэглу ад разбуранай капліцы прыбралі і павезлі на захоўванне. Але ў Таварыстве аховы помнікаў кажуць, што цэгла ўжо не моцная і аднаўленне помніку запатрабуе сурʼёзных выдаткаў.

«Трэба будзе цяпер выклікаць экспертаў, архітэктараў, каб ацанілі стан элементаў, якія засталіся. Яны аварыйныя: могуць яны да вясны прастаяць ці не? Трэба прыняць тэрміновыя меры для іх умацавання. Наш райвыканкам і культура, магчыма, не змогуць аплаціць усіх выдаткаў. Трэба будзе шукаць спонсараў. І спонсараў даволі моцных», – лічыць Дзяніс Камянецкі з «Таварыства аховы помнікаў».

Наш тэлеканал працягне сачыць за лёсам капліцаў Агінскага.

Алена Дубовік, «Белсат»