Куды знікаюць беларускія дактары?


На тры чвэрці айчынныя медычныя ўстановы ўкамплектаваныя адмыслоўцамі дзіцячай медыцыны. Заяўляе Міністэрства аховы здароўя і пры гэтым кажа, што сітуацыя з года ў год паляпшаецца ды застаецца ў межах нормы.

Паслухаць Міністэрства аховы здароўя – дык у айчынных медустановах, лічы, і няма праблемы з педыятрамі. Маўляў, іх толькі более, і норма – 800 дзяцей на аднаго адмыслоўца – не перавышаецца. Аднак менавіта на праблемы з медычным абслугоўваннем наракалі людзі практычна ў кожным малым горадзе, які я асабіста наведаў гэтым летам падчас здымак праграмы «Белсат едзе».

Сёння для дактароў, медычных сёстраў і санітараў прапануецца каля 10 тысяч вакансіяў па ўсёй краіне. Пра тое, што дактароў не стае, нам улетку распавядала ўся Беларусь.

«Не хапае дактароў у нас. Вось я ведаю, у нас на БМЗ у клініцы і паліклініцы бывае такое, што няма дактароў. – І што тады робіце? – Нічога, ідзем у платную. Плацім грошы, праходзім там», – гэта ў Жлобіне.

«Ёсць крыху праблемы ў сферы забеспячэння медычнымі паслугамі. Бо вельмі не хапае кваліфікаваных дактароў. І яны вельмі часта мяняюцца», – а гэта ў Талачыне.

«Так, не хапае, на вёсках практычна няма іх. Прыязджаюць, папрацуюць паўгода-год, а пасля кудысь пераводзяцца. Ці адпрацуюць тры гады і ўсё роўна з’язджаюць, ніхто тут не застаецца», – скардзяцца ў Ельску.

Афіцыйна кажуць пра рост заробкаў у медычнай сферы. Гэтак, паводле Белстату, у сярэднім айчынны доктар атрымлівае крыху менш за 1500 рублёў, медычны персанал – каля 900 рублёў. Праўда, падчас размоваў з людзьмі ў беларускай правінцыі, пра такія заробкі ў медыцыне мы не пачулі ні разу.

Алег Мазоль, навуковы працаўнік BEROC:

«Шмат якія дактары аддаюць перавагу, так бы мовіць, вахтаваму метаду. З’язджаюць на пару месяцаў за мяжу, там зарабляюць пэўную суму грошай, якой ім хапае на год. Гэтыя заробкі лёгка перавышаюць тыя магчымасці зарабіць, якія ёсць у нашых рэгіянальных медустановах».

Паводле навуковага працаўніка Беларускага эканамічнага цэнтру даследча-адукацыйнага цэнтру Алега Мазаля, праблема палягае не толькі ў заробку. Часта ў раённых цэнтрах, не кажучы пра меншыя паселішчы, банальна адсутнічае патрэбная інфраструктура і магчымасці для развіцця маладых спецыялістаў. Алег Мазоль, навуковы працаўнік BEROC:

«Галоўны паказнік дэпрэсіўнасці – зніжэнне якасці чалавечага капіталу. Адукаваныя супрацоўнікі зʼязджаюць. Для дзяржавы гэта выліваецца ў зніжэнне спажывання і зніжэнне ВУП рэгіянальнага ды ў цэлым па краіне».

Выходзіць нейкае замкнёнае кола. Людзі з’язджаюць з правінцыі, бо там пагаршаецца эканамічная сітуацыя. Што прыводзіць да яшчэ большага яе пагаршэння. Таму і не дзіва, што летась колькасць насельніцтва знізілася ў 90 адсотках раёнаў Беларусі.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu