Куды ўцякаюць беларускія «мазгі»?


Колькі беларусаў выязджае на навучанне за мяжу? Колькі вяртаецца? І як у сучасным свеце выстаяць у змаганні за чалавечы капітал? На гэтыя пытанні адказвалі удзельнікі дыскусіі Ліберальнага клубу ў Менску. Ці можа канкураваць Окфард і БДУ?

Пра тое, куды едуць вучыцца беларусы, і хто прыязджае вучыцца да нас – у Менску дыскутаваў Ліберальны клуб пры ўдзеле студэнтаў ды экспертаў.

«У пачатку 21-га стагоддзя адбываецца сапраўдны бум – інтэрнацыяналізацыя адукацыі. Усё больш і больш студэнтаў выязджае вучыцца з мяжу», – кажа сябра Грамадскага Балонскага камітэту Павел Церашковіч.

На сёння за мяжою навучаюцца 4 з паловаю мільёны студэнтаў. Перадусім у ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі ды Францыі.

Згодна з ацэнкаю экспертаў, дастаткова шмат замежнікаў прыязджаюць па веды і ў Беларусь. Найбольш – з Туркменістану, Кітаю, Расеі ды Ірану.

«У нас навучаецца больш за 15 тысячаў замежных студэнтаў. І калі ўзяць індэкс суадносінаў. Колькасць агульных студэнтаў і замежных – гэта прыкладна 2 адсоткі, што адпавядае сусветным тэндэнцыям», – распавядае Павел Церашковіч.

Але значна больш тых, хто выяздждае з Беларусі. Летась за мяжою навучаліся больш за 35 тысячаў беларускіх студэнтаў. Гэта ў пяць разоў болей, чымся ў 2001-ым годзе. Пакідаюць краіну з розных прычынаў – у пошуках лепшай якасці, перспектываў, а таксама, каб збегчы ад абавязковага размеркавання.

«Усе 5 гадоў колькі я вучылася тут, у мяне быў чысты патрыятызм у душы, што беларуская адукацыя добрая. Але пасля разумееш, што нават з такой адукацыяй перспектываў у нас не зʼяўляецца. Ты штосьці робіш, але цябе ўсё адно затыкаюць», – распавядае студэнтка Юлія, якая вучыцца ў Іспаніі.

Да таго ж, замежныя ўніверсітэты часта выглядаюць больш прывабна і ў фінансавым плане. Да прыкладу, год навучання для замежніка ў Варшаўскім універсітэце на спецыяльнасці «міжнародныя дачыненні» каштуе тры тысячы еўраў за год. У Беларускім дзяржаўным універсітэце – на 245 еўраў даражэй. А ў некаторых краінах вышэйшая адукацыя наагул бясплатная для ўсіх.

«Вышэйшая адукацыі ў Францыі ў прынцыпе добрая, бясплатная. Калі параўнаваць з англасаксонскаю сістэмаю вышэйшай адукацыі – у нас універсітэты бясплатныя», – кажа аташэ па ўніверсітэцкай супрацы амбасады Францыі Ксавіе ле Тарывэлек.

Непакоіць экспертаў перадусім гэтак званы выцек мазґоў. Далёка не ўсе беларусы, што выехалі навучацца за мяжу, вяртаюцца на радзіму.

«Важна думаць аб тым, як іх прыцягнуць назад у Беларусь, каб яны ішлі на карысць Беларусі, каб іх веды рабілі штосьці карыснае і сучаснае для Беларусі», – адзначае аналітык Ліберальнага клубу Вадзім Мажэйка.

Вялікім крокам для Беларусі сталася далучэнне да Балонскага працэсу два гады таму. Але сапраўдныя рэформы пакуль не кранулі сістэмы беларускай адукацыі. На меркаванне экспертаў, яна ўсцяж больш савецкая, чымся еўрапейская. У той час як студэнты кіруюцца за мяжу не толькі каб «грызці граніт навукі».

Жарты жартамі, але за мяжою студэнты сапраўды могуць навучыцца такім нестандартным спецыяльнасцям, як «вінаробства» ці «касмічныя даследаванні». А пры нагодзе – сустрэць і найбольш уплывовых асобаў свету.

 

Вольга Жарнасек, «Белсат»